Фінскія футбалісты не здолелі прыехаць у Віцебск праз “Славянскі базар”

Фінскія футбалісты не здолелі прыехаць у Віцебск праз “Славянскі базар”

11 ліпеня ў Віцебску мусіў адбыцца першы матч 1-га кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі Еўропы паміж ФК “Віцебск” і фінскім KuPS. Але праз нейкі час пасля лёсавання KuPS папрасіў УЕФА перанесці гульню ў Фінляндыю, а ў Беларусі згуляць матч у адказ, бо праз правядзенне “Славянскага базару” фінскія футбалісты папросту не могуць зняць у Віцебску жыллё. Ніводнага вольнага нумара ў гатэлях!

Трэба сказаць, што сёлета “Віцебск” выйшаў у Еўракубкі ў другі раз ў сваёй гісторыі. Таму навіна пра тое, што ён не можа згуляць міжнародны матч у родным горадзе, а найбліжэйшымі гарадамі, дзе можна было б размясціць фінскіх гасцей, былі Багушэўск і Орша, збянтэжыла.

“Яны [прадстаўнікі клуба KuPS. — Еўрарадыё] сапраўды звярнуліся і прасілі перанесці гэтыя гульні. Наш бок вырашыў пайсці ім насустрач”, — лаканічна пракаментавалі ў прэс-службе беларускага клуба. А прадстаўнікі KuPS пацвердзілі, што “Славянскі базар” сапраўды стаў прычынай, з якой яны папрасілі перанесці гульню.

“Казаць, што перанос адбыўся толькі праз адсутнасць месцаў для жылля, нельга, хаця гэты фактар і меў вялікі ўплыў. Былі і іншыя, унутраныя і спартовыя прычыны. Але так, сапраўды, гэта была адна з прычын”.

Такім чынам, першая гульня паміж “Віцебскам” і KuPS адбудзецца ў фінскім Куапіа ў 19.00 11 ліпеня, а падтрымаць беларускі клуб на радзіме можна будзе роўна праз тыдзень, 18 ліпеня. Квіткі на дамашнюю гульню “паўночнікаў” усё яшчэ ёсць у продажы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі