Фэст “ROCKachev” адменены

Зараз арганізатары гатовыя брэндаваць “ROCKachev” любой гандлёвай маркай.



“Нашымі партнёрамі выступалі дзяржаўныя прадпрыемствы. У Беларусі дзяржаўныя прадпрыемствы не могуць быць спонсарамі масавых мерапрыемстваў. Затое яны могуць плаціць за размяшчэнне сваёй рэкламы на фестывальных бордах, на сцэне фэсту, на стойках. І за кошт гэтых сродкаў мы можам кампенсаваць нашыя выдаткі, — распавядае Еўрарадыё адзін з арганізатараў “ROCKachev” Андрэй Іваненка. — Я не буду называць гэтыя кампаніі. Але ў пэўны момант яны атрымалі інфармацыю (таксама не буду распавядаць — яны самі распавядуць, калі захочуць), якая прымусіла іх усіх у адзін момант адмовіцца ад удзелу ў фэсце”.



Знайсці новых спонсараў у маленькім Рагачове не атрымалася. У выніку арганізатары прынялі цяжкае рашэнне пра адмену фэсту. Свае страты яны яшчэ дакладна не падлічвалі. Па прыкладных падліках, яны складуць ад 20 да 50 мільёнаў рублёў.



Фэст альтэрнатыўнай рок-музыкі “ROCKachev” мусіў адбыцца 24 жніўня. Павінны былі выступіць 44 гурты на чале з расійскім хэдлайнерам Stigmata. Па словах Андрэя Іваненкі, 40 з іх пагадзіліся граць без ганарараў. Прыбытак ад правядзення фестывалю планавалася аддаць на лячэнне хлопчыка Вані Саранкова.



“Калі музыкі группы SEX даведаліся пра гэта, яны прапанавалі нам свае грошы, — працягвае Андрэй Іваненка. — І яны падбівалі іншых музыкаў скінуцца хаця б па 100 еўра з гурта. Калі шчыра, я не ведаю, што цяпер сказаць маці гэтага хлопчыка. Мне вельмі сорамна”.



Інфармацыю пра тое, як можна вярнуць грошы за квіткі на “ROCKachev”, можна атрымаць тут. Андрэй Іваненка кажа, што за месяц да фэсту было прададзена каля 300 квіткоў.



Еўрарадыё працягне высвятляць акалічнасці адмены фэсту “ROCKachev”. Падрабязней пра гэта чытайце на euroradio.fm 31 ліпеня.



Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі