Фэст "Каго любіш? Люблю Беларусь" не дазволілі з-за "ўцечкі этыленгліколю"

Фэст "Каго любіш? Люблю Беларусь" не дазволілі з-за "ўцечкі этыленгліколю"

Мінгарвыканкам не дазволіў вялікі канцэрт "Каго любіш? Люблю Беларусь", які планаваўся на 25 сакавіка і ў якім мусілі браць удзел Лявон Вольскі і "Крамбамбуля", Neuro Dubel, Akute, Dzieciuki, Vinsent, Vuraj, "Крама" ды іншыя зоркі беларускага року. Афіцыйнай прычынай адмовы стала "ўцечка этыленгліколю", якая адбылася ў Палацы спорту яшчэ 21 лютага. Аднак рамонтныя работы па ўзнаўленні сістэмы холадазабеспячэння будуць праходзіць праз месяц — з 21 па 30 сакавіка.

А арганізатар канцэрта і дырэктар "Арт-Сядзібы" Павел Белавус у каментары Еўрарадыё патлумачыў сітуацыю:

Белавус: "Два галоўныя адказы мы атрымалі ад Мінгарвыканкаму і Палаца спорту:  раптам у іх пацёк этыленгліколь. Гэта той жа фрэон, гэта атрутнае рэчыва. І калі ён пацёк, то рамантаваць гэта трэба было адразу, як толькі гэта здарылася. А яны пішуць, што будуць рамантаваць толькі праз месяц і менавіта ў той час, калі мы запланавалі канцэрт. Маглі б проста адмовіць, а яны абсурд такі зрабілі. Я адразу дырэктару Палаца спорту сказаў: ну, вы ж разумееце, што з такім адказам з вас усе будуць смяяцца".

Па словах Белавуса, шанец пазітыўнага адказу быў 50 на 50. Але атрымалася прадказальна. Цікава, што 23 лютага "Арт-Сядзіба" разаслала лісты кіраўнікам дзяржаўных ведамстваў і міністэрстваў, сярод якіх Мінкульт, КДБ, МУС, Адміністрацыя прэзідэнта, у якім патлумачыла мэту канцэрта — ушанаванне 98-х угодкаў БНР у межах Года культуры ў Беларусі. Арганізатары падкрэслілі, што мерапрыемства мае культурна-патрыятычны характар і будзе праведзена строга ў межах заканадаўства краіны. Таму яны папрасілі дзяржаўныя ўстановы хадайнічаць у яго правядзенні. Цяпер "Арт-Сядзіба" чакае адказу на лісты.

"Мы хочам давесці да ўладаў, што такія канцэрт нельга забараняць ні ў якім выпадку. Бо калі 5 тысяч беларусаў едзе на подобны канцэрт у Вільню ці Варшаву, то кожны прыкладна выдаткоўвае на яго 200 долараў. Атрымліваецца, што на адно такое мерапрыемства, каб паслухаць беларускіх выканаўцаў у іншай краіне, беларусы вывозяць са сваёй краіны мільён долараў. Той, хто прымае такія рашэнні і забараняе, атрымліваецца, сам займаецца антыдзяржаўнай справай, бо 10 тысяч долараў каштуе толькі арэнда ў Палацы спорту, плюс міліцыя, хуткая дапамога, пажарныя, апарат — гэта ў сярэднім 15 тысяч. І грошы за квіткі маглі б пайсці ў казну дзяржавы, а так яны застаюцца за мяжой", — тлумачыць Белавус.
 
У адмове ў правядзенні канцэрту "Арт-Сядзібе" дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч падкрэслівае, што "правядзенне рамонтных працаў у лютым і на пачатку сакавіка з'яўляецца немагчымым у сувязі з неабходнасцю выканання абавязальніцтваў па раней заключаных дамовах". Атрымліваецца, што ўсе, хто набыў квіткі на канцэрт Стаса Міхайлава, які пройдзе 7 сакавіка, могуць атруціцца этыленгліколем? Ці канцэрт рускага шансанье таксама пад пытаннем?

Па тэлефоне, пазначаным у анонсе канцэрта Міхайлава, дзяўчына ўпершыню чуе пра этыленгліколь:

Супрацоўніца агенцтва: "У якім горадзе гэта адбылося? У Мінску? Ведаеце, мы працуем у Палацы спорту — і ўсё тут у парадку. Канцэрт будзе. Не хвалюйцеся".

 

Фэст "Каго любіш? Люблю Беларусь" не дазволілі з-за "ўцечкі этыленгліколю"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі