"Феномен Neuro Dubel — у шчырасці, а гэта заўсёды актуальна”

Пад клубам Re:Public даўжэзная чарга. Адпаведна, заяўлены роўна на 19-ю гадзіну канцэрт не пачынаецца. Чакаюць усіх. Фэны, якія ўжо паклапаціліся пра месца на танцпляцы, спяваюць "Резиновый дом" ці выстойваюць яшчэ адну чаргу — па піва.

Neuro Dubel з'яўляюцца ў 19.40. Аляксандр Кулінковіч вітае публіку і просіць паведамляць, калі будзе раптам кепскі гук:

"Пра ўсё гаварыце. Нашы канцэрты інтэрактыўныя. Мы сябры. Мы любім вас. Вы нас любіце. І самае галоўнае — нікога не крыўдзіце".

Праўда, да гуку на юбілейным канцэрце асабліва не прыдрацца. Святло дык увогуле ўражвае. А пад столлю ў сетцы вісіць тысяча паветраных шарыкаў. Сігнал — і яны ўпадуць на натоўп.

Пакуль жа гучыць фрагмент "Татальнай дэфларацыі", за якім нясуцца "Переехало комбайном", "Бухаст", "Гагарин", "Під…сы п'юць гарбату", "Четыре женщины", "Чай Липтон", "Самураи", дзе замест самураяў у прыпеве мяжу ля ракі пераходзяць “расіяне”. А на сцэну ўздымаюцца былыя ўдзельнікі гурта Максім Паравы, Макс Івашын і Алег Громаў.

"Выдатны канцэрт! Супер! Як вярнуліся ў 90-я!" — хуценька бягуць з перакуру ў забітую пад завязку залу мужчыны за сорак.

"Усё гэта мерапрыемства прасякнутае святочным духам адзінства, я так гэта бачу, — разважае прыхільнік гурта Аляксандр. Я адчуваю ў іх песнях любоў да жыцця, любоў да сваёй краіны. Напэўна, гэтыя рэчы і жаданне данесці свае пачуцці да большасці іх з'ядналі".

На сцэну прабіваюцца Анатоль і Аксана Вечары. Аднойчы ў 90-я яны пачулі "дзюбелеўскага" "Гагарина", улюбіліся ў яго і знялі свой другі кліп.

"Калі б не было вас, не было б і нас", — рэзюмуюць шчаслівыя Аксана і Анатоль.

"Іх феномен — у шчырасці: яны граюць як дыхаюць, спяваюць пра тое, што хвалюе, і гэта застаецца заўсёды актуальным, — мяркуе лідар "Палаца" Алег Хаменка. У дуэце з Neuro Dubel ён пазней выканае "Гузік". — Яны — адбітак гісторыі. Яны — такая ж дзіўная наша гісторыя, такая ж эклектычная і ў той жа час пыхлівая, нечаканая. Я ганаруся нашым сяброўствам".

Першыя паўтары гадзіны канцэрта заканчваюцца "Лучшей девушкой Минской области", калі на сцэну забіраецца цэлы дзявочы хор. А потым гучыць святочная "С праздником". Рознакаляровыя паветраныя шарыкі падаюць уніз. Максімальны экстаз дасягнуты!

У перапынку паміж дзеямі ловім Макса Івашына, якога ахапляюць падвойныя эмоцыі:

"З аднаго боку, гледзячы на сённяшні дзень і на мінулае, увогуле немагчыма зразумець, што мы сталі часткай гісторыі, нейкім здабыткам. Хаця галава разумее, што мы на сцэне не адзін і не пяць гадоў. І многае зрабілі, і зрабілі небеспаспяхова. Усё, што мы рабілі, мы рабілі ў кайф, таму, напэўна, такіх вынікаў і дасягнулі. Але пры гэтым мы не думалі, што калі-небудзь вось так пампезна трапім у аналы. З іншага боку, вырасла пакаленне, якое, калі мы пачыналі і нават сталі паспяховымі, пешшу пад стол хадзіла, і вельмі складана гэта ўспрыняць".

Другая частка праходзіць у такім жа ўгары. Абсалютна шчаслівага Кулінковіча беражліва носяць па зале, як вазу з дарагога фарфору.

"Дзякуй сябры! Так радасна бачыць вашы твары! Так радасна, што вас шмат! А нам — 25! Вы чыталі інтэрв'ю ўсялякія розныя. Але скажу вам асабіста: калі б не ваша любоў, мы б распаліся. Дзякуй вам!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі