Фанаты “Шахцёра” баяцца патраціць грошы і не трапіць на матч з БАТЭ?

"Завтра в Борисові грає донецький "Шахтар" з БАТЭ. Мені цікаво, це буде футбол чи концерт?" — такія статусы ў сацсетках украінскіх футбольных заўзятараў. Менавіта фаны данецкага футбольнага клуба — аўтары знакамітых крычалак пра Пуціна. А пасля “канцэрта” ў Барысаве на гульні зборных Украіны і Беларусі, нешта падобнае ўсе чакаюць і 21 кастрычніка.

Але, як даведалася Еўрарадыё, пакуль украінскія аматары загадзя набылі толькі 40 квіткоў (інфармацыя на раніцу 20 кастрычніка, — заўв. Еўрарадыё). Прадстаўнікі афіцыйнага фэн-клуба “Шахцёра” прызнаюцца, што такая нізкая цікавасць да матчу выкліканая падзеямі пасля матча зборных Украіны і Беларусі.

“Мы планавалі ехаць, ужо нават было ўсё арганізавана, — распавядае старшыня Жытомірскага фан-клуба Алег. — Хацелі паглядзець і Мінск, і Барысаў, але з-за таго, што нашы заўзятары не вельмі спакойна вярнуліся дамоў пасля матча зборных, вырашылі не ехаць. Пабаяліся, што давядзецца мяжу пешшу пераходзіць. Балельшчыкам наадварот павінны спрыяць, каб спакойна і без праблем мяжу праходзілі, а тут палкі ў колы. Таму на гэты матч не паедзем”.

Яшчэ адна прычына — дарагія квіткі на сам матч, ва Украіне такіх коштаў няма, прызнаюцца прыхільнікі футбола.

А калі яшчэ дадаць грошы за дарогу і вялікую верагоднасць таго, што не трапіш ні на саму гульню, ні на зваротны транспарт, жаданне ехаць адразу знікае”, — разважае фанат “Шахцёра” з Жытоміра.

Турыстычнае агенцтва “Аккорд тур” прапаноўвала бус-тур на матч БАТЭ — "Шахцёр" балельшчыкам з любой кропкі Ўкраіны, але назбірала толькі адзін аўтобус.

“Плануем, што выезд будзе аўтобусам на 30-40 чалавек, — каментуе прадстаўнік агенцтва. — Адмоваў не было! У нас дзейнічаюць прамыя браніроўкі, таму, калі нехта не жадаў ехаць, то наўрад ці ён запісваўся б”.

Цікава, што не ведаюць тых, хто паедзе у Беларусь, і прадстаўнікі фэн-клубаў Львова, Ковеля, Палтавы ды іншых гарадоў.

“Ведаеце, у нас як пачаўся абстрэл у 6 раніцы, так і вядзецца дагэтуль, — каментуе актыўны прадстаўнік фан-руху роднага для “Шахцёра” Данецка Анатоль Дубіна. — Не спыняюцца гаўбіцы, залпавыя сістэмы “Ураган”, ракеты… таму нам тут пакуль не да футбола. Але шчыра кажучы, я перакананы, што мы зробім ваш “БАТЭ”, нягледзячы, што гэта даволі сур’ёзная каманда”.

Нагадаем, што 9 кастрычніка падчас матча зборных Украіны і Беларусі было затрымана некалькі дзесяткаў украінскіх заўзятараў, некаторыя з якіх атрымалі штрафы і адміністратыўныя арышты да 10 сутак. Аматар “Кіеўскага Дынама” Антон Губар, які таксама прыехаў пабалець за сваю зборную, нават не трапіў на матч.

“Сфатаграфаваўся з чырвона-чорным сцягам на плошчы Перамогі ў Мінску і ўсё, — узгадвае Антон. — Затрымалі, сказалі што паедзем высвятляць маю асобу, пры тым, што быў пашпарт. Прасядзеў у клетцы амаль увесь дзень, а вечарам даведаўся, што будуць судзіць за супраціўленне арышту”.

Антону прысудзілі суткі, але праз некалькі гадзін зноў прывезлі да будынку суда, дзе мусіла праходзіць абскарджанне, якога, дарэчы, украінец не патрабаваў. З машыны яго так і не выводзілі, проста паведамілі, што суд вырашыў пакінуць мінулы прысуд. А вечарам прыехаў супрацоўнік дэпартацыйнай службы і перадаў Антона гомельскаму АМАПу.

Ну, троху нас збівалі, — даводзіцца выцягваць з Антона падрабязнасці. — Распавядалі нам такія цікавыя рэчы пра нас, якіх мы самі не ведалі. Я на Майдане не быў, але вельмі добра ведаю сітуацыю. Вашы міліцыянты нам казалі, што ў цэнтры Майдана быў укрыжаваны беркутавец. Ну лухта!”

У выніку Антона з сябрамі давезлі да украінскай мяжы і паставілі штам у пашпарце, які забараняе ўезд у Беларусь на тры гады. Праўда, украінскі футбольны заўзятар і не збіраецца больш у нашу краіну. Маўляў, хапіла.

Пакуль на беларуска-украінскай мяжы ніякіх інцыдэнтаў не здаралася, распавялі ў прэс-службе Памежнага камітэта. На самім матчы “БАТЭ — Шахцёр” ніякіх надзвычайных становішчаў уводзіць не плануецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі