Еўрасаюз сёння можа зняць санкцыі з Лукашэнкі і яго атачэння

Еўрасаюз сёння можа зняць санкцыі з Лукашэнкі і яго атачэння

У панядзелак, 15 лютага, Еўрасаюз можа зняць санкцыі з Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння. У "чорным спісе" застануцца чацвёра сілавікоў (Уладзімір Навумаў, Дзмітрый Паўлічэнка, Юрый Сівакоў, Віктар Шэйман), якіх падазраюць у дачыненні да знікнення людзей у 1999-2000 гадах. Не будзе адменена і эмбарга на пастаўкі зброі (за адмену, нібыта, выступіла толькі Венгрыя). Пра гэта сведчыць неафіцыйная інфармацыя з розных крыніц, якая з'ўляецца ў апошнія дні.

Рашэнне мусіць прыняць Савет кіраўнікоў МЗС 28 краін Еўрасаюза. Як вядома, ён у кастрычніку прыпыніў санкцыі ў дачыненні 170 чалавек і 3 кампаній з Беларусі на чатыры месяцы. Адбылося гэта пасля вызвалення палітзняволеных, правядзення прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне і ўдзелу беларускіх уладаў у спыненні гарачага канфлікту ва Украіне. Брусель вырашыў заахвоціць Мінск да далейшых крокаў у справе пазітыўных зменаў у краіне ды паляпшэння дачыненняў з Еўрасаюзам.

РІА "Новости" паведамляе са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі, што ў ЕС "склаўся кампраміс у адносінах адмены большай часткі санкцый". Радыё Свабода дадае, што Беларусь атрымае ад Бруселя "шэраг эканамічных бонусаў". У тым выпадку, калі рух насустрач працягнецца.

Тым часам прадстаўнікі беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці заяўляюць, што адмена санкцый перадчасная. Яны лічаць, што на ўлады трэба працягваць ціск, каб яны праводзілі дэмакратычныя рэформы, паважалі правы чалавека і свабоду слова. Савет ЕС у праекце выніковага дакумента заклікае ўлады Беларусі аднавіць грамадзянскія і палітычныя правы былых палітзняволеных, забяспечыць свабоду сходаў і аб'яднанняў, дазваляць рэгістрацыю палітычных і грамадскіх арганізацый, ліквідаваць перашкоды ў дзейнасці недзяржаўных СМІ. У ЕС па-ранейшаму чакаюць, што ў нашай краіне ўвядуць мараторый на смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі