Еўрапарламент асудзіў разгон мірных дэманстрантаў у Беларусі

Еўрапарламент асудзіў разгон мірных дэманстрантаў у Беларусі

На пасяджэнні ў чацвер, 6 красавіка, Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі

У ёй парламентары асудзілі разгон мірных дэманстрантаў на масавых дэманстрацыях па ўсёй Беларусі. У прыватнасці, згадваецца Дзень Волі, 25 сакавіка, калі сілавікі жорстка напалі і збілі пратэстоўцаў і арыштавалі сотні людзей, у тым ліку журналістаў, якія асвятляюлі падзеі. У дакуменце адзначаецца, што пратэсты былі накіраваныя супраць так званага ўказу "аб дармаедах". 

Еўрадэпутаты выказваюць занепакоенасць у сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі і "новай хваляй рэпрэсій". Пад рэпрэсіямі маюцца на ўвазе рэйды па грамадскіх арганізацыях "прэвентыўныя" арышты прадстаўнікоў апазіцыі напярэдадні акцыі пратэсту. Еўрапарламент заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць пераслед незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Еўрапарламентары настойваюць на тым, каб грамадскім арганізацыям дазволілі функцыянаваць у поўнай меры.

Парламент нагадвае, што ЕС адмяніў большасць санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў у лютым 2016 года "ў якасці жэсту добрай волі". Гэта рабілася, каб заахвоціць беларускія ўлады палепшыць сітуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй. Калі афіцыйны Мінск адмовіцца правесці дбайнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх абвінавачванняў у сувязі з нядаўнімі дэманстрацыямі, Еўрасаюз можа ўвесці новыя абмежавальныя меры.

Таксама Еўрапарламент рэкамендуе адмяніць дэкрэт №3 як "адвольную, жорсткую і маральна сумнеўную меру, якая парушае правы чалавека".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі