Эстонія: Калі сітуацыя ў Беларусі не будзе адпавядаць чаканням, санкцыі вернуць

Эстонія: Калі сітуацыя ў Беларусі не будзе адпавядаць чаканням, санкцыі вернуць

У лютым 2016 года падчас разгляду пытання вяртання ці далейшай “замарозкі” санкцый, ЕС зверне ўвагу на пытанне рэабілітацыі былых палітвязняў . Такую заяву зрабіла міністр замежных спраў Эстоніі Марына Кальюранд 30 кастрычніка на канферэнцыі “Рубікон-2015: Беларусь як фактар бяспекі і стабільнасці”.

Кальюранд: “У лютым, калі будзе перагляд санкцый, мы будзем разглядаць чатыры групы пытанняў. Найперш, гэта ўсё тое, што будзе з былымі палітычнымі вязнямі на момант перагляду: ці будуць яны рэабілітаваныя, якія ў іх будуць правы, што ў прынцыпе будзе адбывацца на момант перагляду з гэтымі канкрэтнымі людзьмі і іншымі палітвязнямі, якія былі вызваленыя. Па другое, будзе вельмі ўважлівае стаўленне да справаздачы БДІПЧ АБСЕ, дэталі якой я зараз не хачу абмяркоўваць — хай яны завершаць працу, хай напішуць, як выбары праходзілі. Трэцяя група — усё, што тычыцца свабоды слова і свабоды СМІ. І чацвёртае: якая будзе сітуацыя са свабодай сходаў. Калі сітуацыя не будзе адпавядаць той, якой мы яе хочам бачыць — санкцыі будуць ізноў уведзеныя. Тут ніякіх сумневаў няма і быць не можа”.

Па словах Марыны Кальюранд, рашэнне аб замарожванні санкцый адносна Беларусі прымалася ў ЕС вельмі цяжка. “Не думайце, што Еўрасаюз наіўны — мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі”, — кажа эстонскі міністр.

Эстонскі міністр адмовілася адказваць на пытанне, ці дастаткова будзе для вяртання санкцый адмовы беларускіх уладаў аднаўляць у грамадзянскіх і палітычных правах былых палітвязняў. Па яе словах, разважаць на гэтую тэму рана, бо да перагляду санкцый яшчэ 4 месяцы і за гэты час многае можа змяніцца як у Беларусі, так і ў Еўрасаюзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі