ЕС працягне ціск на беларускі рэжым "так доўга, як гэта спатрэбіцца" — заява ЕС

Паслявыбарныя пратэсты ў Беларусі / Послевыборные протоесты в Беларуси / Еўрарадыё

Паслявыбарныя пратэсты ў Беларусі / Еўрарадыё, архіўнае фота

Еўрасаюз выступіў з заявай напярэдадні трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

"У гэты дзень тры гады таму сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна адстаяць сваё права на выбар уласнай будучыні. Гэтыя спантанныя дэманстрацыі былі з крайняй жорсткасцю задушаныя рэжымам Лукашэнкі", — гаворыцца ў заяве.

У ЕС кажуць, што сёння сітуацыя ў Беларусі для тых, хто спрабуе крытыкаваць рэжым, стала горш, чым калі-небудзь раней. У краіне налічваецца каля 1500 палітвязняў. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека прызнаў, што некаторыя беларускія практыкі  могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Рэжым Лукашэнкі, як падкрэсліваюць у ЕС, стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, а таксама саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. У дакуменце згадваецца і пагадненне пра размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі, і перакідванне ў нашу краіну наймітаў ПВК "Вагнер".

У ЕС падкрэсліваюць, што санкцыі супраць афіцыйнага Мінска  былі прынятыя як адказ на рэпрэсіі ў краіне, парушэнні міжнароднага права і падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. "ЕС будзе працягваць аказваць ціск на беларускі рэжым так доўга, як гэта спатрэбіцца", — гаворыцца ў заяве.

ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху і пры гэтым заклікае беларускія ўлады пачаць "сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі пластамі грамадства, які вёў бы да свабодных і справядлівых выбараў".

Калі Беларусь стане на шлях дэмакратыі, Еўрасаюз бярэ на сябе абавязак дапамагчы краіне стабілізаваць эканоміку і рэфармаваць інстытуты. Бюджэт плана эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі складае да 3 мільярдаў еўра.

"ЕС будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна, на іх шляху да стварэння незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая з'яўлялася б часткай мірнай Еўропы", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі