Эксперты: Павелічэнне пенсійнага ўзросту не дапаможа росту пенсій у Беларусі

Эксперты: Павелічэнне пенсійнага ўзросту не дапаможа росту пенсій у Беларусі

З 1 студзеня 2017 года ў Беларусі плануюць павысіць пенсійны ўзрост. Чакаецца, што жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 58, мужчыны — у 63 гады. Ці павялічыцца ў сувязі з гэтым памер пенсіяў?

На думку старшага аналітыка Альпары Вадзіма Іосуба, гэтае рашэнне прымалася не для таго, каб павышаліся пенсіі, а каб іх памер хаця б не зніжаўся.

“Тое, ці будзе пенсія расці, надалей будзе вызначацца траекторыяй беларускай эканомікі. Калі будзе эканамічны рост, будзе рост заробкаў, будзе рост адлічэнняў на пенсіі. І будзе само яе павелічэнне”.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў таксама сумняваецца, што павышэнне ўзросту стане прычынай росту пенсій. Гэта напоўніць пенсійны фонд і, можа, нават створыць яго невялікі прафіцыт, але ён пойдзе не на павышэнне пенсій, а на тое, каб стрымаць іх падзенне ў будучыні.

У сваю чаргу, прэс-сакратар Мінпрацы Таццяна Максімава нагадвае, што пытанне павышэння працоўных пенсій рэгулюецца заканадаўствам, паводле якога прадугледжваюцца штогадовыя павышэнні, і ніхто гэтай магчымасці не адмяняў. Але ці зменіцца іх памер непасрэдна ў сувязі з павышэннем працоўнага ўзросту, пакуль невядома.

“Аб тым, што пры павышэнні пенсійнага ўзросту зменіцца памер працоўнай пенсіі, пакуль сказаць вам я не магу”, — падкрэслівае прэс-сакратар.

Эксперты: Павелічэнне пенсійнага ўзросту не дапаможа росту пенсій у Беларусі
Фота: de.info.allrb.ru

Тым часам у Германіі з 1 ліпеня 2016 года сярэдняя пенсія павялічыцца на 57 еўра (каля 1,3 млн рублёў). А гэта амаль мінімальная беларуская пенсія, якая сёння складае 1 мільён 580 тысяч рублёў.

Немцы выходзяць на пенсію ў 67 гадоў. У іх штомесячныя выплаты залежаць ад памеру заробку, месца жыхарства і нават ад полу.

Так, мужчына-пенсіянер у заходніх землях атрымлівае ў сярэднім 1052 еўра, ва ўсходніх — 1006. У той час як жанчыны — 521 і 705 адпаведна. Германію называюць краінай з найбольшай розніцай у пенсіях паміж мужчынамі і жанчынамі, адзначае theguardian.com.

У Беларусі палавая прыналежнасць не ўплывае на памер пенсіі. Усё залежыць ад стажу, велічыні заробку і іншых параметраў былога працаўніка. Да апошняга часу амаль пастаянна адбываўся рост пенсій. Часам павышэнні былі па некалькі разоў на год. Калі перавесці іх памер у доларавы эквівалент, можна заўважыць, што рост адбываўся да 2014 года. Потым пачалося змяншэнне.

Такім чынам, цяпер сярэднестатыстычная сям’я пенсіянераў у Беларусі атрымлівае прыблізна 5,8 млн рублёў на дваіх, а, да прыкладу, ва ўсходняй Германіі — 1711 еўра. Гэта, амаль як 6 сямей нашых пенсіянераў разам!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі