Эксперт: Праз разлікі ў доларах можам страціць увесь расійскі рынак

“Цяпер у нас стаіць задача гандляваць з Расіяй не за рублі, а за долары. Таму што мы плацім Расіі за энергарэсурсы не ў рублях, а ў доларах. Гэта, дарэчы, сур'ёзная недапрацоўка ўрада. Ад Расіі даўно трэба было патрабаваць, каб яна таксама плаціла нам за прадукцыю, што пастаўляецца, у цвёрдай валюце — доларах ці еўра”,заявіў Аляксандр Лукашэнка на эканамічнай нарадзе.

Сітуацыя вакол экспарту на расійскі рынак сапраўды вельмі цікавая. Беларускія вытворцы карыстаюцца прынцыпам “спажывец абірае, у якой валюце плаціць”.

Паводле некаторых звестак, за расійскія рублі мы прадаём 85-92% ад усёй прадукцыі, што ідзе на экспарт за ўсходнюю мяжу: мяса, малако, прадукцыю машынабудавання і хімічнай галіны, нават некаторыя паслугі.

Так прадстаўнік беларускай таварнай біржы, якая гандлюе лесам, металам і сельскагаспадарчай прадукцыяй, пацвярджае: “Мы вядзем ўсе разлікі з Масквой у расійскіх рублях. Прычым і пакупку, і продаж”.

На МАЗе і МТЗ пацвердзілі Еўрарадыё, што свае аўтамабілі і трактары прадаюць на ўсход за расійскія рублі, аднак адмовіліся казаць, наколькі гэта стратна ці, наадварот, выгадна.

Самым цікавым з’яўляецца тое, што Беларусь набывае расійскі газ і нафту за валюту, а нафтапрадукты прадае туды ж за расійскія рублі.

Супрацоўнік нафтаперапрацоўчага завода "Нафтан" пацвердзіў: “Так, мы прадаём свае прадукты ў Расію за расійскія рублі”. Але разам з тым дадаў, што прадукцыя прадпрыемства мае “запас” цаны, нават з улікам курсавой рызыкі, нашмат большы. Да таго ж, завод працягвае актыўна пераарыентоўваць рынкі збыту.

Некаторыя эканамічныя эксперты адзначаюць, што калі продаж у расійскіх рублях да пэўнага часу быў вельмі выгадным для нас, цяпер гэта прыводзіць да моцных стратаў. Але разам з тым і пераход на долары ці еўра ў гандлі з Расіяй — вялікая рызыка.

Эканамічны эксперт Сяргей Жбанаў мяркуе, што фіксацыя коштаў паводле курсу долара прывядзе да кепскіх наступстваў, а тое, што мы гандлявалі з Расіяй іх валютай, было нам вялікай прэферэнцыяй. Тамтэйшы рынак прыймаў нас менавіта праз адносна нізкія кошты.

“Мы рызыкуем тым, што можам страціць не $1,5-2 млрд., як у гэтым годзе, а тым, што можам страціць цалкам расійскі рынак. Калі яны адмовяцца ад нашых цэнаў, на наша месца прыйдзе хто-небудзь іншы. Гэта правіла міжнароднага гандлю”.

Амаль гэтак жа мяркуе і эканаміст Дзмітрый Крук. Калі мы сапраўды пачнем пераходзіць на долары, прадаючы сваю прадукцыю ў Расію, найбольш верагодныя два варыянты развіцця падзеяў:

“Наша канкурэнтаздольнасць на тамтэйшым рынку стане непрадказальнай. То бок мы імгненна страцім яе, калі расійскі рубель чарговы раз дэвальвуецца. Ці ёсць іншы варыянт: шмат якія пакупнікі па інвестыцыйных і часткова па спажывецкіх таварах будуць адмаўляцца заключаць такія кантракты”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі