Эксперт: Пакуль ідуць перамовы па нафце з Расіяй, думаць пра іншыя варыянты рана
Беларусь ужо спрабуе знайсці іншыя крыніцы "чорнага золата". Але пралічыць мэтазгоднасць гэтага пакуль немагчыма.
Час сур'ёзна прапрацоўваць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты для Беларусі яшчэ не прыйшоў. У гэтым упэўненая аглядальніца сайта belrynok.by, эксперт у нафтавай галіне Таццяна Манёнак:
"Усё гэта эканамічныя разлікі. А каб іх зрабіць, трэба ведаць, колькі [Беларусі] дадаткова патрэбна [нафты]. Магчыма, можна было б уключыць трубу "Адэса — Броды". Але пакуль што не вырашана, які аб'ём расійскай нафты Беларусь будзе мець у гэтым годзе".
Расійска-беларускія перамовы па нафце працягнуцца на наступным тыдні. Раней віцэ-прэзідэнт "Транснафты" Сяргей Андронаў заявіў, што за першы квартал 2017 года Расія мае намер паставіць у Беларусь толькі 4 млн тон нафты. Калі такія тэмпы паставак захаваюцца і далей, за год наша краіна атрымае толькі 16 млн тон "чорнага золата". "А беларускім НПЗ, каб сёння на 100% загрузіць свае магутнасці, трэба перапрацоўваць 24 млн тон", — дадае Таццяна Манёнак.
20 студзеня Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду замясціць альтэрнатыўнымі варыянтамі нафту, якой не хапае з-за скарачэння паставак нафты з Расіі. "Мы некаторыя паспрабавалі, выпрабавалі на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна", — сказаў кіраўнік краіны.
Альтэрнатыўнымі крыніцамі паставак нафты маглі б стаць Азербайджан і Іран. Таццяна Манёнак нагадвае, што пілотны праект па дастаўцы азербайджанскай нафты ў Беларусь ужо рэалізаваны.
"Але гэта даволі дорага. Чыгуначныя пастаўкі заўсёды нятанныя ў параўнанні з трубаправодным транспартам, — мяркуе эксперт. — Магчыма, заява Аляксандра Лукашэнкі прадыктаваная жаданнем крыху прыспешыць перамовы, але складана сказаць, наколькі істотным гэты аргумент будзе для Расійскай Федэрацыі. Мы памятаем 2010-2011 гады, калі Беларусь узнавіла пастаўкі азербайджанскай і венесуэльскай нафты па трубе. Потым, калі перамовы завяршыліся, неабходнасці ў гэтых альтэрнатыўных пастаўках не было".