Эксперт: Напярэдадні саміту ў Вільні будзе столькі дыпламатычных гульняў!

130122_lukashuk_up.mp3

Чарговы саміт “Усходняга партнёрства” пройдзе ў Вільні ўвосень. Але ні Аляксандра Лукашэнкі, ні кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея там не будзе — іх запрашаць не збіраюцца.


“На сустрэчу не будуць запрашацца людзі, на якіх распаўсюджваюцца абмежаванні”, — заявіла дарадца прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ па замежных справах Ёвіта Нелюпшэнэ.


Але ці сапраўды гэта азначае, што, як падаюць літоўскія СМІ, “прадстаўнікоў беларускага рэжыму запрашаць не збіраюцца”? Па ўдакладненні Еўрарадыё звяртаецца ў адміністрацыю прэзідэнта Літвы.


“На сустрэчу "Усходняга партнёрства" будуць запрошаныя асобы, якім не забаронены ў’езд у ЕС і адносна запрашэння якіх будзе дасягнута агульная згода краін ЕС”, — адказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе Далі Грыбаўскайтэ.


Гэта азначае, што, да прыкладу, намеснік міністра замежных спраў ці іншы чыноўнік, не ўнесены ў спіс неўязных у ЕС, можа прадстаўляць на віленскім саміце афіцыйны Мінск. На варшаўскім саміце ў 2011 годзе ўвогуле прысутнічаў амбасадар Беларусі ў Польшчы. Праўда, толькі адзін дзень -- потым Беларусь дэманстратыўна адмовілася ад удзелу ў саміце, бо нашага амбасадара не паклікалі на ўрачысты абед, дзе былі ўсе прэзідэнты і прэм'еры.  І нічога краіна ад такога ўзроўню прадстаўніцтва не страціла. Але і не набыла. Гэтым разам гэтага наўрад ці будзе дастаткова, лічыць палітолаг Юрый Шаўцоў.


Юрый Шаўцоў: “На саміт павінны прыехаць усе кіраўнікі краін, якія ўваходзяць у склад ЕС. Значыцца, размова будзе ісці не пра “Усходняе партнёрства” як гэтакае, а пра ўсю ўсходнюю палітыку Еўрапейскага саюза. Праўда, я не ўпэўнены, што Літва здолее за гэты час арганізаваць такую прадстаўнічую сустрэчу. Але калі сапраўды гэта будзе, тады тут яшчэ столькі будзе дыпламатычных гульняў да часу гэтага з’езду, што нам усё прыйдзецца перафармулёўваць”.


Адсутнасць прадстаўнікоў афіцыйнага Мінска ці прадстаўленне краіны “дробным” чыноўнікам нясе толькі шкоду, упэўнены Шаўцоў. Згодны з калегам эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас.


Аркадзь Мошас:  “Калі думаць у катэгорыях з сёння на заўтра, то вялікіх страт (ад адсутнасці на саміце кіраўніцтва Беларусі. — заўв. Еўрарадыё) у параўнанні з сённяшнім днём не будзе. Але мысліць у катэгорыях страчанай выгады, у тым ліку — бізнес-выгады, а Беларусь сёння знаходзіцца не ў тым стане, каб яна магла адкідваць нават дробязі, а страты будуць”.


Прысутнасць на саміце, да прыкладу, намесніка міністра МЗС эксперт называе не больш чым спробай прытрымлівацца правілаў прыстойнасці.


Не палітычным і нават не эканамічным, а найперш маральным ударам па  вышэйшым кіраўніцтве Беларусі называе рашэнне Літвы прадстаўнік гэтай краіны ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Эгідыюс Варэйкіс.


Эгідыюс Варэйкіс: “Самыя страшныя санкцыі — маральныя. Калі ўсе будуць бачыць: і яны будуць бачыць, і людзі Беларусі будуць бачыць — што іх прэзідэнт не такі прэзідэнт, як у Грузіі, Арменіі ці ва Украіне — гэта вельмі важна. Эканамічныя санкцыі не так дзейнічаюць!”



Асабліва, лічыць літоўскі палітык, балюча будзе, калі на саміт замест палітычнага лідара запросяць “нейкага адміністратара”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі