Эксперт: Каб запусціць трубу "Адэса — Броды", трэба ў 6 разоў больш нафты

Эксперт: Каб запусціць трубу "Адэса — Броды", трэба ў 6 разоў больш нафты

17 лютага стала вядома, што Беларусь закупіла першую партыю нафты ў Ірана. 80 тысяч тон даставяць танкерам у адзін з бліжэйшых портаў — Адэса ці Вентспілс — а адтуль цыстэрнамі павязуць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

На думку дырэктара ўкраінскай кансалтынгавай групы "А-95" Сяргея Куюна, іранская нафта абыходзіцца Беларусі даражэй за льготную расійскую, але супастаўная па кошце са звычайным рэжымам расійскіх паставак. Яшчэ таннейшай яна стала б, калі б яе транспарціроўка праз тэрыторыю Украіны ажыццяўлялася не чыгункай, а трубаправодам.

Але, каб запусціць трубу "Адэса — Броды" патрэбна як мінімум у 6 разоў большая пастаўка іранскай нафты.

"Там толькі тэхналагічнай нафты [якая знаходзіцца ў нафтапровадзе. — Еўрарадыё] трэба 400-500 тысяч тон. То бок, гэта трэба 6 танкероў толькі для таго, каб першая нафта з'явілася ў Мазыры", — мяруке Сяргей Куюн.

Эксперт: Каб запусціць трубу "Адэса — Броды", трэба ў 6 разоў больш нафты
Інфаграфіка: "Белорусы и рынок".

Транспарціроўка нафты па ўкраінскай чыгунцы абыдзецца прыкладна ў $60 за тону. Гэта нават даражэй, чым яе дастаўка танкерам у адэскі порт "Паўднёвы".

Даўжыня нафтаправода "Адэса — Броды" — 667 км. З Бродаў у Мазыр вядзе галіна нафтаправода "Дружба". Цяпер нафта па ўкраінскай трубе не рухаецца. Калі беларускае супрацоўніцтва з Іранам набудзе рэгулярны характар, выкарыстанне трубаправода "Адэса — Броды" цалкам магчымае, мяркуе Сяргей Куюн. 

Акрамя забеспячэння неабходных аб'ёмаў, праблемай з'яўляецца тое, што цяпер асобныя ўчасткі трубы запоўненыя не іранскай, а азербайджанскай нафтай, а таксама расійскай нафтай маркі Urals. Паколькі розныя гатункі чорнага золата адрозніваюцца па якасці, "Беларускай нафтавай кампаніі" давядзецца дамаўляцца пра кампенсацыю з аператарам нафтаправода — "Укртранснафтай".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі