Экс-намеснік генпракурора Архіпаў апынуўся на волі і кіруе калгасам

Экс-намеснік генпракурора Архіпаў апынуўся на волі і кіруе калгасам

26 студзеня былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў быў прызначаны дырэктарам сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства "Пятровічы" ў Смалявіцкім раёне Міншчыны. Гэтую інфармацыю парталу tut.by пацвердзілі на самім прадпрыемстве.

Раней паведамлялася, што ўлетку 2014 года Архіпаў быў асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго вінавацілі ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару. Акрамя таго, ён быў на пяць гадоў пазбаўлены права займаць кіраўнічыя пасады. Судовы працэс па гэтай справе праходзіў за зачыненымі дзвярыма.

Падрабязнасці адстаўкі Архіпава і яго крымінальнай справы афіцыйна не агучваліся. Толькі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Архіпаў як намесніка генпракурора паспрабаваў замяць справу, звязаную з гібеллю чалавека ў ДТЗ. Па словах Лукашэнкі, п'яны сын бізнэсоўца кіраваў матацыклам і трапіў у аварыю, яго пасажырка загінула. "Ён дапамог яго адмазаць за залаты злітак і бутэльку каньяку", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Па справе Архіпава, дарэчы, быў аштрафаваны на значную суму экс-спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў.

На думку спецыялістаў, Лукашэнка мог памілаваць Архіпава і ў якасці пакарання адправіў падымаць гаспадарку ў Смалявіцкім раёне.

Дарэчы, гэта не першы падобны выпадак. Так, у 2007 годзе быў затрыманы кіраўнік "Белнафтахіма" Аляксандр Бароўскі. Яго асудзілі, у тым ліку пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады. Але ўжо праз год Бароўскі выйшаў з-пад варты, а ў 2009-м узначаліў МАЗ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі