На фінал футбольнага Кубка Беларусі — 2016 суддзю прызначылі за хабар

На фінал футбольнага Кубка Беларусі — 2016 суддзю прызначылі за хабар

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ідзе працэс над былым дырэктарам дэпартамента судзейства і інспектавання асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Андрэем Жукавым.

Як перадае БелаПАН, падсудны прызнаў сябе вінаватым у атрыманні хабару за прызначэнне суддзяў на канкрэтныя футбольныя матчы.

У справе Жукава фігуруюць шэсць эпізодаў атрымання хабару ў сезонах 2014/2015 і 2015/2016 гадоў. Гаворка ідзе аб прызначэнні суддзяў на матчы Кубка Беларусі па футболе, а таксама чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай і першай лігах.

Першы выпадак пазначаны 4 кастрычніка 2014 года, апошні — 7 чэрвеня 2016 га. У справе фігуруюць такія сумы, як 100 і 200 долараў, 100 еўра, 50 дэнамінаваных рублёў і бутэлька каньяку "Арарат".

Напрыклад, 100 еўра, як адзначае следства, Жукаву перадаў галоўны трэнер футбольнага клуба "Смаргонь" Мікалай Рындзюк. Гэта была падзяка за тое, што на канкрэтны матч з удзелам "Смаргоні" быў прызначаны канкрэтны суддзя.

ФК "Смаргонь" найбольш часта фігуруе ў справе Жукава. Аднак атрымаў ён хабар, напрыклад, і за прызначэнне суддзі на матч Кубка Беларусі 21 траўня 2016 года паміж БАТЭ і "Тарпеда-БелАЗам". Гэта быў фінальны матч Кубка Беларусі, які "Тарпеда-БелАЗ" выйграў па пенальці з лікам 3:2.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі