Дзяржава бярэ пад кантроль рынак Форэкс у Беларусі

4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №231 "Аб ажыццяўленні дзейнасці на пазабіржавым рынку Форэкс". Указ дае магчымасць весці ў Беларусі новы від фінансавай дзейнасці з атрыманнем адпаведнага легальнага даходу. Дакумент рэгулюе механізмы аперацый на рынку Форэкс і кантролю над яго ўдзельнікамі.

Цяпер Нацбанк будзе весці рэестр форэкс-кампаній і дапускаць на рынак толькі ўнесеныя ў рэестр. Памер статутнага фонду форэкс-кампаній павінен складаць не менш за 2 млрд рублёў. Уводзяцца і іншыя спецыяльныя фінансавыя нарматывы.

Указ набывае моц праз дзевяць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.

У каментары Еўрарадыё дырэктар афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Аляксандр Сабодзін пазітыўна ацаніў новы дакумент. Па яго словах, кампанія "Альпары" доўгі час працавала над ідэяй рэгулявання пазабіржавога рынку Форэкс у Беларусі.

Сабодзін: "Калі няма закону, рынак развіваецца стыхійна, і на яго лёгка трапіць усім кампаніям — як добрапрыстойным, так і аднадзёнкам і нават махлярам, з прыкметамі фінансавай піраміды. Бо, скажам так, адрозніць адных ад другіх навічку вельмі складана. Дастаткова мець прыгожы сайт, правесці рэкламную кампанію і заявіць, што мы з'яўляемся крутым форэкс-брокерам".

Другім пазітыўным момантам эксперт лічыць абарону інтарэсаў грамадзян. Кліенты будуць заключаць дамовы з беларускімі кампаніямі, што дазволіць больш якасна і аператыўна вырашаць магчымыя пытанні. Дый бюджэт Беларусі будзе папаўняцца за кошт падаткаў і іншых паступленняў.

Магчымымі небяспекамі дзяржаўнага ўмяшання Сабодзін называе зарэгуляванасць рынку, калі чыноўнікі прыціснуць форэкс-рынак мноствам разнастайных справаздачаў і праверак. Другі варыянт — калі дзяржава створыць свайго супер-брокера, які пачне дзяржаўнымі метадамі рэгуляваць з прыватнымі кампаніямі. Але на цяперашні момант, кажа эксперт, верагоднасці такіх дзеянняў не праглядаецца.

Фота — newsby.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі