Дзмітрыю Сталярову, які залез на вежавы кран, выплацілі частку грошай

Дзмітрыю Сталярову, які залез на вежавы кран, выплацілі частку грошай

Дзмітрый Сталяроў, які залез на вежавы кран у Мінску, каб яму выплацілі заробак, часткова дасягнуў сваёй мэты. Па-першае, ён атрымаў інфармацыю, што створаная следчая група, якая правярае фірмы, дзе маглі падманваць рабочых. Па-другое, ААТ “Дзвенскбуд”, якое прайграла Сталярову суд, пералічыла грошы на яго рахунак. Усяго каля 40 мільёнаў рублёў.

“Праўда, зняць іх я пакуль не магу. Спачатку з рахунку вылічаць грошы ў фонд сацабароны і на падаткі”, — удакладняе Сталяроў.

Чаму Дзмітрый палез на будаўнічы кран

Для сябе Дзмітрый падлічыў, што за некалькі гадоў працы будаўніком ён недаатрымаў ад розных працадаўцаў блізу 200 мільёнаў. Мужчына лічыць, што праблема сістэмная. Начальства з будаўнічых фірмаў выкарыстоўвае шэраг хітрыкаў, каб у разы змяншаць заробкі рабочым ці ўвогуле іх не плаціць. Калі праца выконваецца, рабочым часта кажуць, што яна зробленая няякасна ці быў перарасход матэрыялаў. Усё гэта вылічваецца з заробкаў, і застаецца мізер. Аднак па дакументах сітуацыя выглядае больш-менш абгрунтавана. Рабочыя часта не цямяць у юрыдычных нюансах і не ўмеюць правільна падпісваць паперы, тлумачыць Сталяроў.

 

Заробак, якога хапіла на кіло сасісак?

 

У размове з Еўрарадыё Дзмітрый згадвае яшчэ шэраг арганізацый, дзе яго спроба зарабіць грошай была няўдалай. Напрыклад, больш за месяц ён працаваў на ААТ "Юніт-Альянс". Дырэктар кампаніі Максім Пахваленка не адмаўляе наяўнасці запазычанасці і нават называе яе памеры — 66 тысяч беларускіх рублёў (!!!).

Дзмітрый з будаўнічага крана: "Мяне зразумелі і адпусцілі дадому"

“Мы працуем авансам, — кажа Пахваленка. — То бок дамаўляемся з людзьмі. Калі ў іх хутка заробак, пенсія, аванс, мы робім працу, а грошы забіраем пазней. І, адпаведна, заробкі рабочым плацім, калі разлічваюцца з намі. А Сталяроў сышоў і больш да нас не звяртаўся. Я ж не буду праз 66 тысяч яго па ўсім горадзе шукаць”.

Пахваленка не сказаў, ці выплачваў нешта Сталярову апроч названых 66 тысяч. Удакладніць інфармацыю у дзень выхаду матэрыялу не атрымалася. Кіраўніцтва фірмы выехала ў камандзіроўку, з шэфам падначаленыя не звязваюць. 

Дзмітрыю Сталярову, які залез на вежавы кран, выплацілі частку грошай

Працу ў “Юніт-Альянсе” я страціў пасля таго, як патэлефанавалі а 8-й вечара, загадалі ехаць на замер на супрацьлеглы канец горада. Я не змог. Назаўтра мяне звольнілі, не заплаціўшы ні капейкі.

Дзмітрый Сталяроў

Сам Сталяроў смяецца, калі чуе інфармацыю пра зарплату ў 66 тысяч, за якую можна купіць усяго кілаграм сасісак. Ён запэўнівае, што ўхаластую адпрацаваў на “Юніт-Альянсе” каля 1,5 месяца.

“Няўжо за такі час маглі налічыць так мала! Насамрэч зарплата мусіла быць не меншай за 5-6 мільёнаў. І рамонт пластыкавых вокнаў рабіўся, і праца з балконамі. Ёсць шмат сведак, якія гэта бачылі. Працу ў “Юніт-Альянсе” я страціў пасля таго, як патэлефанавалі а 8-й вечара, загадалі ехаць на замер на супрацьлеглы канец горада. Я не змог. Назаўтра мяне звольнілі, не заплаціўшы ні капейкі. Гэтак жа не плацілі заробкі многім іншым людзям”, —запэўнівае Сталяроў.

 

Кіраўнік будаўнічай фірмы: Сталяроў мяне абкрадаў і ахоўніка вырубаў балончыкам

 

Заснавальнік ТАА “ЗорБуд” Сяргей Зорка (да яго кампаніі Сталяроў таксама мае фінансавыя прэтэнзіі) выстаўляе Дзмітрыя небяспечным для грамадства злодзеем.

Нагадаем, што ў інтэрв’ю Еўрарадыё Сталяроў казаў, што, недаатрымаўшы заробак, у стане адчаю і безвыходнасці вырашыў правучыць Зорку і скраў у яго інструмент на 18 мільёнаў. У выніку была распачатая крымінальная справа, хутка адбудзецца суд.

“Я з ім разлічыўся, — у сваю чаргу запэўнівае той самы заснавальнік “ЗорБуда”. — І вінен яму не быў. У мяне ёсць яго подпісы за кожны месяц, акты выкананых работ, то бок усе дакументы. Я буду падаваць на яго ў суд за дэзінфармацыю, так бы мовіць, бо гэта падрыў маёй рэпутацыі. Да таго ж ён мяне двойчы абкрадаў і ахоўніка вырубаў балончыкам… Я ўвогуле не разумею, чаму гэты чалавек да гэтага часу на волі!”

Дзмітрыю Сталярову, які залез на вежавы кран, выплацілі частку грошай

Прыняў змену, абышоў тэрыторыю. Сяджу, п’ю гарбату у вагончыку. Як цяпер помню, была палова восьмай. Тут раз, удар, і свет патух у вагончыку. Выходжу на двор. Тут мне раз — і балончыкам па вачах.

Ахоўнік Уладзімір Краўчук

Сяргей Зорка называе Сталярова бязрукім і абураецца, што з яго вылепілі героя. У адказ Дзмітрый Сталяроў кажа, што па дакументах яго брыгада выконвала нізкакваліфікаваныя падсобныя працы, але на справе клала дарагую плітку, рабіла падвясную столь і гэтак далей. Усяму гэтаму, пераконвае Сталяроў, ёсць шмат доказаў. Спачатку гутарка вялася пра 8-10 мільёнаў на месяц для кожнага будаўніка, але на справе хлопцы мелі ад мільёна да чатырох. І такая сітуацыя, як сцвярджае Сталяроў, здарылася не толькі з яго брыгадай.

 

Ахоўнік, пацярпелы ад газавага балончыка: “Тут мне раз — і балончыкам па вачах. Ён быў у масцы”

 

Той самы крадзеж інструмента ў ТАА “ЗорБуд” здарыўся сёлета ў лютым.

“Прыняў змену, абышоў тэрыторыю. Сяджу, п’ю гарбату ў вагончыку. Як цяпер помню, была палова восьмай. Тут раз, удар, і свет патух у вагончыку, — згадвае ахоўнік Уладзімір Краўчук вячэрнюю сустрэчу са Сталяровым. — Выходжу на двор. Тут мне раз — і балончыкам па вачах. Ён быў у масцы. Я за вочы — а ён зайшоў у вагончык і ўзяў што яму было трэба. Бо ён так прыходзіў і за месяц да гэтага. Добра, што не даў па галаве манціроўкай. Яму не плацяць — дык ахоўнікі вінаватыя!”

У міліцыю тады патэлефанаваў яшчэ адзін ахоўнік. Пачаліся пошукі скрадзенага. Краўчук выказаў меркаванне, што паходка нападніка была як у Сталярова. Праваахоўнікі знайшлі скрадзены інструмент дома ў рабочага. Так злачынства было раскрытае.

Краўчук, у адрозненне ад Сталярова, не мае прэтэнзій да “ЗорБуда” ў плане выплаты заробкаў:

“Штомесяц усё як належыць плацілі. А ён як працаваў, так і зарабляў. Набраў такіх дзяцей, як сам. Такіх касякоў нарабіў, што за ім усё перароблівалі. Які ён прафесіянал — цвіка не можа забіць!”

Уладзімір Краўчук кажа, што і праз некалькі месяцаў у яго пабольваюць вочы, і ён не разумее, чаму рабочага-экстрэмала будуць судзіць за крадзеж, а не за разбой.

Сам Сталяроў кажа, што адчувае віну перад траўмаваным ахоўнікам. Выкарыстанне балончыка ён тлумачыць неспадзяванкай: не чакаў, што на тэрыторыі будоўлі ўвечары нехта ёсць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі