Дырэктар ФК “Дынама-Брэст”: Па вастрыі нажа ходзіць 60% беларускіх клубаў

Дырэктар ФК “Дынама-Брэст”: Па вастрыі нажа ходзіць 60% беларускіх клубаў

Паслянавагодняя пара — па ідэі, самая пасіўная для беларускага футбола. Аднак у СМІ не толькі абмяркоўваюць магчымыя трансферы, але і не сціхаюць абмеркаванні і скандальчыкі, звязаныя з чэмпіянатам Беларусі. Дагэтуль абсалютна не зразумела, якія клубы будуць гуляць у вышэйшай лізе.

“Іслач” і асабліва “Крумкачы” вырашаюць праблемы, як прайсці ліцэнзаванне. Для гэтага, па ідэі, патрэбны свой стадыён, дзіцячыя каманды, пэўны бюджэт… Як з усім гэтым разбяруцца — незразумела.

У той жа час некаторыя футбольныя клубы з багатай гісторыяй, як “Дынама-Брэст”, маюць перад футбалістамі сур’ёзныя запазычанасці. Перад навагоднімі святамі стала вядома, што каля 10 футбалістаў брэсцкага клуба збіраюцца выбіваць грошы праз суд.

Камітэт па статусе і пераходах Беларускай федэрацыі футбола патрабаваў ад клубаў разлічыцца з гульцамі да канца 2015 года. Але зрабіць гэта аказалася не так і проста.

“Даўгі па зарплатах былі, пакуль яны і застаюцца”, — канстатуе Андрэй Сцепаненка, старшыня ФК “Дынама-Брэст”.

Еўрарадыё: Ці высокія ў такой сітуацыі шанцы на тое, што “Дынама-Брэст” будзе гуляць у вышэйшай лізе?

Андрэй Сцепаненка: Шанц ёсць заўжды. Праблема ёсць, яна вельмі сур’ёзная, але будзем рабіць усё, каб яе вырашыць. Калі мы не будзем пазітыўна настроеныя, тады трэба пісаць заяву на звальненне і сыходзіць. 

Дырэктар ФК “Дынама-Брэст”: Па вастрыі нажа ходзіць 60% беларускіх клубаў

Гадамі ўсе выконвалі патрабаванні УЕФА, самыя высокія. Напэўна, нават у той жа Партугаліі не ўсе клубы іх вышэйшай лігі выконвалі такія патрабаванні. Эканамічная сітуацыя пагоршылася, а патрабаванні засталіся такімі ж высокімі

Андрэй Сцепаненка, старшыня ФК "Дынама-Брэст"

Старшыня ФК “Дынама-Брэст” адзначае, што для ўсяго беларускага футбола сезон-2016 будзе асаблівым. І ў складанай сітуацыі апынуліся не толькі футбалісты з берагоў Буга.

“Па вастрыі нажа ходзіць працэнтаў 60 клубаў. Гадамі ўсе выконвалі патрабаванні УЕФА, самыя высокія. Напэўна, нават у той жа Партугаліі не ўсе клубы іх вышэйшай лігі выконвалі такія патрабаванні. Эканамічная сітуацыя пагоршылася, а патрабаванні засталіся такімі ж высокімі”, — кажа Андрэй Сцепаненка

Выходзіць, сітуацыя з ліцэнзаваннем дагэтуль не зразумелая. Прадказаць, як дакладна абернецца справа, не могуць, напэўна, і функцыянеры Беларускай федэрацыі футбола. Камітэт па статусе і пераходах правядзе пасяджэнне пасля Раства. Там і будуць разбірацца з нявыплачанымі заробкамі футбалістам і пад якія санкцыі трапяць клубы.

Відавочна, што беларускі футбол у нейкай ступені трансфармуецца. Калі раней расходы многіх перавышалі бюджэты, а дэфіцыт кампенсоўвалі з бюджэту наступнага года, то ў 2016-м такое з-за крызісу не спрацуе. Спецыялісты прагназуюць, што бюджэты некаторых клубаў могуць зменшыцца ў разы.

Але ж ці страціць ад гэтага вышэйшая ліга? Можа быць, прыход сюды неспакушаных у вялікім футболе, але рамантычных і ідэйных клубаў, як кажуць, разгорне больш яркую старонку ў беларускім спорце?

Калі дзяржаўны клуб “Іслач” у фінансавым плане апынуўся ў адной торбе з большасцю сераднячкоў вышэйшай лігі, то прыватнікі-“Крумкачы” павінны дзесьці знайсці некалькі соцень тысяч долараў для таго, каб згуляць у вышцы. 

Дырэктар ФК “Дынама-Брэст”: Па вастрыі нажа ходзіць 60% беларускіх клубаў

Паводле дадзеных “Прессбола”, самы нізкі бюджэт сезона-2015 быў у “Гомеля” — каля 700 тысяч долараў. У 2016-м такі ліміт, відавочна, знізіцца. Але дзе ў крызісны час узяць хоць бы пару соцень тысяч?

Кіраўнік ФК “Крумкачы” Дзяніс Шунта адзначае, што галоўная задача — напоўніць бюджэт. Верагодна, тытульны спонсар, “Крыніца”, цалкам вырашыць гэту праблему не дапаможа, але ў амбітнага клуба ёсць яшчэ некалькі месяцаў, каб выкруціцца. Тым часам ад некаторых высокіх спартовых функцыянераў гучаць прыхільныя сігнальчыкі ў бок “Крумкачоў”.

У сераду, 6 студзеня, памочнік Лукашэнкі ў пытаннях спорту Максім Рыжанкоў заявіў пра намер паспрыяць у даабсталяванні САК “Алімпійскі” пад вышэйшую лігу. За дзяржаўны рахунак. Там “Крумкачы” змогуць гуляць хатнія матчы. На голым месцы такія заявы, зразумела, не робяцца.

Фота "Трыбуны", ФК "Іслач", ФК "Дынама-Брэст"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі