Дынаміка ВУП Беларусі: мінус 3,9% ці мінус 28,1%

Дынаміка ВУП Беларусі: мінус 3,9% ці мінус 28,1%

Паводле дадзеных Белстата, эканоміка ў 2015 годзе скарацілася. Аб’ём валавога ўнутранага прадукту (ВУП) склаў 869,7 трлн рублёў. Падзенне — 3,9%.

Але беларусы ў сацыяльных сетках паспелі перавесці ВУП у долары, а ў такім выпадку падзенне атрымалася значна вышэйшым — 28%. Калі лічыць у рублях, то ВУП увогуле вырас больш чым на 90 трлн.

Як жа лічыць дынаміку ВУП?

Дынаміка ВУП Беларусі: мінус 3,9% ці мінус 28,1%

“Дык як правільна параўноўваць ВУП?” — запыталася Еўрарадыё ў старшага аналітыка “Альпары” Вадзіма Іосуба.

У Беларусі ВУП індэксуюць спецыяльным паказчыкам “дэфлятар ВУП”. Напрыклад, “інфляцыя” — у нашай краіне тэрмін нефармальны. Яе вылічваюць з дапамогай “Індэкса спажывецкіх цэнаў”. Гэты індэкс улічвае змяненні цэнаў, якія трапілі ва ўмоўны спажывецкі кошык. А дэфлятар ВУП улічвае змяненне ўсіх цэнаў у эканоміцы, літаральна на ўсё, тлумачыць аналітык.

Вылічвае гэты індэкс Белстат, і той часам можа ў 1,5 разу адрознівацца ад індэкса спажывецкіх цэнаў ці ад індэкса цэнаў вытворцы.

Пералічваць дынаміку валавога ўнутранага прадукту ў доларах некарэктна. Бо цэны ўсё ж не растуць прапарцыйна долару.

“Насамрэч, калі палічыць сусветны ВУП у доларах, дык у яго назіраецца не проста падзенне, а рэкорднае падзенне ледзь не за ўсе часы, у прыватнасці таму, што вельмі моцна вырас курс долара”, — кажа Вадзім Іосуб.

Скарачэнне беларускай эканомікі такога парадку — трэнд, уласцівы цяпер краінам, якія развіваюцца.

Як параўнаць з іншымі краінамі

Для параўнання ўзроўню развіцця краіны лепей выкарыстоўваць ВУП на душу насельніцтва (ВУП размяркоўваецца на кожнага жыхара краіны).

З дапамогай свежых дадзеных Белстата Еўрарадыё падлічыла, чаму роўны гэты паказчык. На канец 2015 года ён складаў 5,8 тысячы долараў. На год раней — 8 тысяч долараў. А паводле афіцыйных дадзеных МВФ, у кастрычніку 2015 года ВУП на душу насельніцтва быў роўны 6,6 тыс долараў. Гэта паставіла нас на 80 месца ў сусветным рэйтынгу, паміж Дамініканскай рэспублікай і Балгарыяй.

Сярод суседзяў найвышэйшы ВУП на душу насельніцтва ў Літве — 14,3 тысячы долараў і Латвіі — 13,7 долараў. У Польшчы амаль у два разы больш, чым у нас — 12 тысяч. У Расіі — 8,4 тысячы, ніжэй за ўсіх ва Украіне — 2,1 тысячы долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі