Дыджэі, якіх у Мінску засудзілі за песню "Перамен", пераехалі ў Літву

Дыджэі, якіх у Мінску засудзілі за песню "Перамен", пераехалі ў Літву

Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў — дыджэі, якія 6 жніўня ўключылі песню "Перамен" на афіцыйным мерапрыемстве, — пераехалі ў Літву. У Мінску яны адсядзелі па 10 сутак за свой учынак. 

30-гадовы Сакалоўскі патлмачыў, што з'ехаў з Беларусі, бо баіцца надоўга трапіць у турму. "Амбасада Літвы прапанавала нам дапамогу 6 жніўня адразу пасля здарэння. Калі нас выпусцілі, амбасада зноў з намі звязалася. Мы вырашылі скарыстацца прапанаванай дапамогай", — цытуе ru.delfi.l словы гукааператара.

Сакалоўскі прыехаў у Літву 22 жніўня.

Хлопец распавёў, што пяць з дзесяці дзён арышту правёў у карцары, а на ложку спаў усяго дзве ночы. Тры іншыя драмаў на зэдліку.

Па яго словах, увечары 9 жніўня да яго прыйшоў незнаёмы візіцёр, які пагражаў яму 10 гадамі турмы. "Ён двойчы стукнуў мяне па спіне. Сыходзячы, кінуў падначаленым: "Зрабіце як трэба, а то сядзіць тут нібы ў санаторыі". Пасля гэтага мне не раскладвалі ложак, а праз вентыляцыю задзімалі халоднае паветра. Па начах было вельмі халодна", — кажа хлопец.

Спярша ён расказаў журналістам, што да яго прыходзіў намеснік міністра Аляксандр Барсукоў. 21 жніўня Сакалоўскага запрасілі на размову ў МУС, патрабавалі абвергнуць заяву, пагражалі пачаць справу аб паклёпе. З ім сустрэўся сам Барсукоў, які звярнуў увагу на свой невысокі рост. "Паколькі я на 100% не мог сцвярджаць, што гэта быў ён, падпісаў афіцыйнае абвяржэнне", — дадаў гукааператара.

Падчас допыту міліцыянты пыталі ў Сакалоўскага пра 40 000 долараў, якія ім з Галанавым сабралі на падтрымку неабыякавыя беларусы. Хлопец кажа, што яго ўгаворвалі публічна заявіць, што яму заплацілі. 

Таксама Сакалоўскі распавёў пра ўмовы утрымання вязняў у турме на Акрэсціна. Перад пераводам з карцара ў звычайную камеру ў яго забралі вопратку і абутак. Спярша яго спрабавалі пасяліць у шасцімеснай камеры, дзе было каля 40 чалавек. "Яны таксама былі без адзення. Збітыя, практычна цалкам сінія, у гематомах і запечанай крыві", — кажа хлопец.

Урэшце ён апынуўся ў шасцімеснай камеры, дзе было каля 30 чалавек. Там ён правёў пяць сутак. 

"Ноч з 11-га на 12-га была самая страшная. Я чуў крыкі без паўзы на ўдых і глухія ўдары. У калідоры, як я зразумеў, таксама стаялі людзі. Я чуў як адзін з супрацоўнікаў сказаў камусьці: "Мы будзем рабіць з вас інвалідаў першай групы. Вы ніколі не зможаце хадзіць". У камеры былі людзі, якіх трымалі на вуліцы 6-8 гадзін "пысай у зямлю" і ўвесь гэты час білі", — падзяліўся ўспамінамі Сакалоўскі. Па яго словах, кармілі ў каменты не ўсіх. 

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Літва прыняла з гуманітарнымі мэтамі 22 беларусаў. Палова з іх афіцыйна папрасіла палітычнага прытулку.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Бажэна Забароўска-Здановіч паведаміла, што дазвол прыехаць з Беларусі па асаблівых гуманітарных прычынах атрымалі агулам 36 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі