Два абітурыенты паступілі на матэматыка з 12 баламі па… матэматыцы

Галоўная ВНУ краіны дабірала ў гэтым годзе чатырох абітурыентаў на вайсковы факультэт. Запоўнілі ўсе месцы. Сёлета Мінадукацыі дазволіла універам дабраць студэнтаў і нават знізіла парогавыя балы для паступлення да 5 па рускай і беларускай мовах і да 10 па фізіцы і матэматыцы.

На дадатковым наборы ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова запоўнілі усе месцы. Прахадны бал ніжэйшы, чым на асноўным. Але не нашмат — 7 балаў.

“На матэматыку-інфарматыку на асноўным быў 145 прахадны, на дадатковым — 138, на фізіцы-інфарматыцы асноўны 131, на дадатковым — 119”, — агучваюць Еўрарадыё лічбы ў прыёмнай камісіі.

Данабраць студэнтаў на “біялогію і геаграфію” а таксама на “творчыя спецыяльнасці педфака” ў Мінадукацыі не дазволілі, не той профіль. У выніку вольныя па 5 месцаў на кожную спецыяльнасць.

“У нас толькі адна спецыяльнасць, па якой не дабралі ў асноўны набор: 23 свабодныя месцы на “фізіцы і навукова-вытворчай дзейнасці”. Мы закрываем гэтымі спецыялістамі Віцебскую і Магілёўскую вобласць. Але ў пастанове Мінадукацыі прапісалі на дадатковы набор педагагічныя, сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, а гэтай спецыяльнасці не было”, — тлумачаць у Віцебскім універсітэце імя Машэрава.

Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна таксама недабраў двух біёлагаў-географаў. А матэматыкаў-інфарматыкаў дабраў. Ды як! Два чалавекі маюць па профільнай матэматыцы ўсяго 12 балаў са 100 і… праходзяць на бюджэт!

“А наогул балы на па дадатковым наборы не нізкія. 173 ёсць, нават 256. Прахадны на фізіцы-інфарматыцы ў нас быў 152”.

Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка дадаткова набраў адразу 68 чалавек. На матэматыку і інфарматыку і фізіку-інфарматыку падалося 14 чалавек з баламі, ніжэйшымі за 120. Гэта па 30 балаў са 100 за кожны тэст+атэстат. Але ўсе месцы запоўнілі.

На некаторых спецыяльнасцях прахадны бал на дадатковым наборы быў вышэйшы, чым на асноўным.

Фота: mishred.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі