Другі адбор на "Еўрабачанне": мінімум трапных нот і жывы гусак на сцэне

Другі адбор на "Еўрабачанне": мінімум трапных нот і жывы гусак на сцэне

Беларускіх зорак на другі дзень нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2016” амаль няма. У анкетах большасці канкурсантаў напісана, што досвед працы на прафесійнай сцэне ў іх не меншы за 5 гадоў, але іх імёны не гавораць Еўрарадыё абсалютна нічога. Выступы адпаведныя. Падаецца, што яшчэ ніколі за гісторыю нацыянальных адбораў не было такой колькасці фальшывых нот і ніякіх песень. Калі паспрабаваць адабраць ў фінал толькі тых канкурсантаў, якія ў гэты дзень спявалі чыста, то наўрад ці набярэцца 15 неабходных.

На пачатку глядзець шоў весела. Падтрымлівае настрой гурт “Дрозды”, які выходзіць на сцэну з новым хітом “Увезу в деревню”. Прыпеў музыкі пераклалі на англійскую мову, а вымаўленне Віталя Карпанава гучыць ва ўнісон з тэмай песні. Летась сябры журы зарубілі гурт “Зомбі” за плагіят асноўнай тэмы нейкай аднайменнай он-лайн-гульні, сёлета не пускаюць у адбор Аляксандра Саладуху, бо яго новы трэк ужо доўга гучыць у выкананні іншага музыкі, а вось мелодыю мега-хіта “ДетствоЮры Шатунова ў лёгкай перапрацоўцы Карпанава і кампаніі не заўважаюць.

На завяршэнне лідар “Драздоў” дастае з-пад покрыва вялізнага гусака і спрабуе прымусіць яго спяваць. Той не паддаецца. “Першы раз на сцэне, хвалюецца!” — жартуе Карпанаў.

Выступ Жанэт, песню для якой напісалі аўтары леташняга пераможцы “Еўрабачання”, пакідае толькі адно пытанне: “І колькі ж каштаваў гэты трэк?”. Астатняе — як заўсёды. Думаем, можна будзе самім спраўдзіць у фінале.

Вуха расслабляецца на гурце “Амплитуда смелости”. Пётр Клюеў у кампаніі зорных музыкаў Аляксандра Старажука ды Уладзіміра Майсюка выконвае нічога сабе поп-рокавы нумар і пакідае назіральнікаў адбору ў доўгім чаканні наступнага адпачынку для вушэй. Гурт Misters, нягледзячы празмерную саладжавасць вакаліста, Вольга Калеснікава, нягледзячы на прыфанкаванасць ды прыемны голас, Саша Трабл, нягледзячы на перамогу ў дзіцячым конкурсе “Славянскага базара-2003”, дуэт Michael Soul, нягледзячы на лепшы нумар у гэты дзень адбору, ды Саша Захарык, нягледзячы на выбітнае выкананне, але не самы запамінальны трэк — проста мусяць прайсці ў фінал сёлетняга адбору. Але гэта толькі на думку Еўрарадыё. А вось каго абярэ журы, стане вядома ўвечары 1 снежня ў выпуску праграмы “Панарама”.

Фінал нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2016 адбудзецца не пазней за 25 студзеня 2016 года ў фармаце тэлеканцэрта ў жывым эфіры. Упершыню абіраць прадстаўніка Беларусі на міжнародным песенным конкурсе будуць без удзелу прафесійнага журы, а толькі шляхам тэлефоннага і смс-галасавання гледачоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі