Доктар: Кожны раз баюся ўжываць антыбіётыкі

Доктар: Кожны раз баюся ўжываць антыбіётыкі

З пачатку года трое беларусаў трапілі ў лякарні з анафілактычным шокам пасля ін'екцый лекаў. 31-гадовая жанчына пад Маладзечна памерла, двое школьнікаў, хлопчык і дзяўчынка, знаходзяцца ў лякарнях у Барысаве і ў Ганцавічах. І гэта толькі тыя выпадкі, пра якія мы ведаем. Ва ўсіх трох сітуацыях фігуруюць антыбіётык цэфтрыаксон і лідакаін, якім яго разбаўлялі, каб зменшыць боль ад уколу.

Сярод прычын анафілактычных шокаў лекі — на другім месцы пасля ежы

 

Інфармацыя пра ўсе лекі, пасля якіх у пацыентаў здараецца анафілактычны шок, трапляе ў Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя. Там Еўрарадыё кажуць, што апошнім часам рэпартаванне (так на мове медыкаў называюцца паведамленні пра непажаданыя эфекты ад прыёму лекаў) сапраўды "знаходзіцца на этапе уздыму". Але дадаюць: сёлетні выбух анафілактычных шокаў пасля ін'екцый антыбіётыку — у межах статыстыкі.

"Самі падумайце, цяпер зіма, сезон запаленняў, інфекцыйных захворванняў. Людзі сталі часцей хварэць, і, адпаведна, ім сталі часцей антыбіётыкі калоць, — распавядаюць у клініка-фармакалагічным аддзеле Цэнтра. — А антыбіётыкі, па-сутнасці, усе алергенныя. Чужародны бялок паступае ў арганізм чалавека. Вось гэты цэфтрыаксон, пра які вядзецца, [вырабляецца] з еўрапейскай субстанцыі. Ён абсалютна без нейкага ашуканства, і па якасці там усё добра.

Проста ў структуры лекавых алергій бэта-лактамныя антыбіётыкі знаходзяцца на першым месцы. Але ў структуры ўвогуле ўсіх анафілактычных шокаў лекі ідуць следам за ежай. То бок, такая рэакцыя ў свеце ў людзей часцей бывае ад ежы. Чалавек можа апельсінавага соку выпіць, напрыклад. На ўкус пчалы. Анафілактычны шок бывае на што заўгодна".

Няма прэтэнзій у спецыялістаў Цэнтра і да якасці лідакаіна. А значыць, анафілаксія, хутчэй за ўсё, — вынік не дрэнных лекаў, а індывідуальных асаблівасцяў тых людзей, якім іх выпісвалі.

"Кожны з нас схільны. Я вось, дапусцім, заўтра прыму антыбіётык, і, можа... Я разумею гэта, і кожны раз баюся ўжываць антыбіётыкі", — падсумоўвае доктар з Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя.

Як даведацца, што ў вас няма алергіі на цэфтрыаксон

 

Па-сутнасці, анафілактычны шок — гэта вельмі моцная і імклівая алергія, якая можа здарыцца з кожным. Калі тэрапеўт выпісвае вам новы прэпарат, ці можна загадзя даведацца, як адрэагуе на яго арганізм, каб медыкам пасля не давялося літаральна выцягваць вас з таго свету? 

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да спецыялістаў імуналагічнай лабараторыі 10-й клінічнай бальніцы Мінска.

"А вы раней прымалі цэфтрыаксон?" — пытаюцца ў нас у адказ. Адказваем, што не. "Калі вы з алергенам яшчэ не сутыкаліся — якая ў вас можа быць на яго рэакцыя?" — здзіўляюцца нашай наіўнасці ў лабараторыі.

Але спосаб "вылічыць" алергію загадзя ўсё ж ёсць, і ён зусім не складаны.

"Чамусьці пазабываліся, што можна [перад уколам] узяць пробу ў працэдурным кабінеце. Гэта абсалютна нармальная працэдура, — кажа імунолаг. — Крыху лекаў падколваюць падскурна і глядзяць на мясцовую рэакцыю. Пачырванела — не пачырванела, пячэ — не пячэ. Цэфтрыаксон — гэта ўколы. І вас могуць направіць у працэдурны кабінет, каб высветліць рэакцыю на гэты прэпарат".

На пробу ў працэдурны кабінет пацыентаў накіроўвае тэрапеўт, які прызначае антыбіётык. У складаным выпадку ён жа можа выпісаць накіраванне ў лабараторыю, дзе вас бясплатна правераць на алергію на цэфтрыаксон. Калі накіравання няма, аналіз робіцца платна і каштуе шэсць рублёў. Але — глядзіце вышэй — яго няма сэнсу рабіць, калі вы ячшэ не прымалі прэпарат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі