Для ўдзелу ў спартакіядзе чыноўнікі з дзвюх сем’яў склалі адну

Дзякуючы гэтаму спаборніцтвы сямейных пар на спартакіядзе ў Брэсце выйгралі людзі, якія ніколі не жылі адной сям’ёй Днямі на вяслярным канале ў Брэсце прайшла зімовая абласная спартакіяда "Брэсцкая лыжня-2010".  Першае месца ў спаборніцтвах сямейных пар ўзяла “сям’я Гiмаздзiнавых з Ганцавiчаў” — маці Ала, муж Сяргей i сын Дзiма. Менавіта так назвала пераможцаў газета “Звязда” і дала пад матэрыялам фота шчаслівых пераможцаў сямейнага спаборніцтва. Але як стала вядома Еўрарадыё, чалавека, які выступаў на спартакіядзе ў якасці “мужа Сяргея”, насамрэч завуць Эдуард Пакумейка і ён не з’яўляецца мужам настаўнiцы Алы Гiмаздзiнавай.

Калі б гэта не было спаборніцтвам сямейных пар, то на такі казус можна было б і не звярнуць увагі. У дадзеным жа выпадку мы маем не проста парушэнне правілаў, а падман суддзяў. І падман, санкцыянаваны не менш як аддзелам фізкультуры і спорту Ганцавіцкага райвыканкама — менавіта яны фармавалі каманду і дасылалі яе на спартакіяду ў Брэст.
Але начальнік аддзела фізкультуры і спорту райвыканкама Павел Сідаровіч не бачыць у такім кроку нічога заганнага. Бо, маўляў, і падмана ніякага няма.

Павел Сідаровіч: “У нас заўсёды, калі ў некага нешта атрымліваецца, мы яму накладзем вялікую кучу — і няхай разграбае і даказвае нешта. А я даказваць нічога не буду, вы на фотаздымак толькі паглядзіце: і маці, і дзіця, там яны ўтрох стаяць — і вам усё стане зразумела. У нас добразычліўцаў шмат. А вы паглядзіце на фотаздымак — і больш казаць не трэба ні-чо-га!”



Праўда, потым прызнаў, што насамрэч чалавек на здымку не з’яўляецца мужам Алы Гiмаздзiнавай. Але нечакана знайшоў новы аргумент на карысць учынку як выканкама, так і “сямейнай пары”.

Павел Сідаровіч: “Калі гэта і не муж, то паглядзіце на дзіцё і бацьку. Гэта родны бацька, але пад іншым прозвішчам сёння жыве. І ў іншай сям’і. Але вы паглядзіце на фотаздымак — і вам усё стане зразумела. А што прозвішча ў іх зараз іншае — то гэта іх справа. Ну, захацелі яны разам выступіць — і выступілі, бацька з сынам і маці”.

Каб даведацца, што насамрэч падштурхнула хлопца з Ганцавічаў падмануць суддзяў спартакіяды і назвацца Сяргеем Гiмаздзiнавым, Еўрарадыё знайшло Эдуарда Пакумейку. Каментаваць словы райвыканкамаўскага чыноўніка наконт таго, што Дзіма з’яўляецца яго сынам, ён адмовіўся. Маўляў, гэта справа асабістая. Затое прызнаўся, што выступіць адной сям’ёй з маці і сынам Гiмаздзiнавымі яго папрасілі ў выканкаме.

Эдуард Пакумейка: “Прапанавалі паехаць і выступіць за аграгарадок. А якая розніца? З нашага раёна — ды ўсё. Што там тая сям’я? Каб я быў майстар спорту які, а так я просты рабацяга. Там так беглі! Два таты, а не адзін. Альбо тры таты ці дзве маці. Ну, беглі ды беглі. Падумаеш! Што ў гэтым такога?”

І таму ніякага падману ён ў тым, што адбылося, не бачыць. Затое вельмі зацікавіўся тым, адкуль Еўрарадыё стала вядома інфармацыя пра выпадак з “сям’ёй Гiмаздзiнавых”. Як, дарэчы, і начальнік аддзела фізкультуры і спорту райвыканкама. Эдуард Пакумейка, не атрымаўшы адказу, махнуў на “добразычліўца” рукой, а вось чыноўнік пачаў строіць свае версіі. І нават адразу пазначыў для сябе чалавека, які здольны ўтварыць такую “шкоду” для іміджу выканкама.

Павел Сідаровіч:
“Добразычлівец гэты быў калісьці дырэктарам школы, а потым яго папрасілі сысці. А зараз ён на начальніка ўпраўлення спортам піша скаргі. Піша і ў іншыя інстанцыі. Я прыкладна ведаю, хто гэта вам напісаў і што гэта з сябе ўяўляе. Гэта мы яго калісьці не пусцілі на працу ў Міністэрства спорту і турызму”.

Насамрэч, пра гэты кур’ёз паведаміла газета “Ганцавіцкі час”. Але стала цікава: каго меў на ўвазе чыноўнік выканкама і што ён супраць гэтага чалавека мае?

Як высветлілася пасля праведзенага расследавання, гаворка ішла пра былога дырэктара мясцовай дзіцячай юнацка-спартовай школы Міхася Ярашэвіча. Яго сапраўды “папрасілі” з пасады дырэктара і сапраўды не далі магчымасці атрымаць працу ў Мінспорту. Прычына, паводле яго словаў, банальная — месца трэба было “сваім” людзям.

Міхась Ярашэвіч: “На маю пасаду дырэктара і на іншыя таксама з’явіліся кандыдаты, якія маюць сувязі наверсе. Нашыя мясцовыя чыноўнікі пачынаюць прасоўваць сваіх сваякоў. У дадзены момант першы кандыдат на маё месца вось такі чалавек”.

Што тычыцца сітуацыі са спортам ў Ганцавіцкім раёне, то, згодна са словамі былога дырэктара спорт-школы, мясцовае кіраўніцтва абсалютна не зацікаўленае ў яго развіцці. А перамогі здабываюць шляхам “лёгкага падману”. Напрыклад, кажа, у лыжных гонках паміж аграгарадкамі была заяўленая каманда “Круговічы” і атрымала на спаборніцтвах бронзавы медаль. Але аграгарадка “Круговічы” ў Ганцавіцкім раёне няма і ніколі не было.
Праўда, начальнік аддзела фізкультуры і спорту райвыканкама Павел Сідаровіч знайшоў апраўданне і гэтаму выпадку.

Павел Сідаровіч: “Так, аграгарадка такога няма. Але там гучала так: “сярод аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў” у палажэнні. Мы тут нічога не парушалі. Усе людзі былі з Круговічаў, з аднаго населенага пункта”.

Калі сітуацыю з аграгарадком, якога не існуе, можна сапраўды разумець па-рознаму, то выпадак з сямейнай парай — зусім іншы. Магчыма, чыноўнікам з Ганцавіцкага райвыканкама і дастаткова ведаць, што Эдуард Пакумейка з’яўляецца біялагічным бацькам хлопчыка, але ў Брэсцкім аблвыканкаме да гэтага паставіліся інакш. Прынамсі, для намесніка начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Івана Шкутніка такі падман стаў непрыемным сюрпрызам.

Іван Шкутнік: “Для мяне гэта навіна, вельмі непрыемная. Бо мы не прапагандуем такое, а наадварот — спыняем”.

І паабяцаў, што звяжацца з кіраўніцтвам Ганцавіцкага райвыканкама і запатрабуе тлумачэнняў таго, што адбылося. Але самае непрыемнае ў гэтай сітуацыі тое, што жыхары Ганцавічаў пабачылі ў “Звяздзе” фота “сям’і Гiмаздзiнавых” і зараз цікавяцца ў Алы Гiмаздзiнавай нечаканым з’яўленнем у яе новага мужа. Як патлумачыць, што ён сасватаны чыноўнікамі выканкама?

Фота: "Звязда"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі