Для ІП, якія гандлююць беларускімі таварамі, могуць знізіць арэндныя стаўкі

Міністэрства гандлю Беларусі прапануе зніжаць арэндныя стаўкі для інідывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлюць беларускімі таварамі. Пра гэта падчас круглага стала, арганізаванага газетай "СБ. Беларусь сегодня", заявіла намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч. Паводле яе слоў, улады думаюць над тым, каб больш актыўна ўцягваць малы бізнес у продаж айчынных тавараў.

"ІП можа прадаваць тавары добра: прыдзе да яго пакупнік, ён яму ўсміхнецца, параіць, дапаможа. Мы рэкамендавалі іншым органам улады, каб яны пагаварылі з гандлёвымі цэнтрамі, каб тыя прастымулявалі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прадаюць айчынны тавар: знізілі для іх кошт арэнднай платы", — сказала Наркевіч.

Аднак, па словах намесніка міністра гандлю, "бізнес-супольнасць на прапанову папросту не адгукнулася".

Ірына Наркевіч лічыць, што ІП у Беларусі маглі б адкрываць буцікі і "зусім паспяхова працаваць, асабліва ў дробным населеных пунктах".  Міністэрства гандлю гатовае праводзіць навучальныя семінары для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Нагадаем, да 1 студзеня 2016 года індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць гандляваць вопраткай і абуткам без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі