Дэпутаты Еўрапарламента асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі супраць дэманстрантаў

Дэпутаты Еўрапарламента асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі супраць дэманстрантаў

72 дэпутаты Еўрапарламента (гэта менш за 10% ад яго складу) асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі супраць мірных дэманстрацый, якія нядаўна адбыліся ў Мінску. 29 сакавіка яны напісалі заяву ў гэтай справе да кіраўніцтва Савета Еўрасаюза, Еўракамісіі і Еўрапарламента. У дакуменце адзначаецца, што ў сакавіку 2017-га “больш за тысячу мірных грамадзян Беларусі былі збітыя, арыштаваныя і аштрафаваныя”. Падкрэсліваецца, што сярод іх — праваабаронцы, журналісты, людзі старэйшага пакалення.

Дэпутаты пішуць, што ім “жахліва назіраць за дзеяннямі, у традыцыях савецкага КДБ, што былі ўжытыя супраць вядучых дзеячоў апазіцыі”. Згадваюцца затрыманне Мікалая Статкевіча, пра лёс якога некалькі дзён не было інфармацыі, і Уладзіміра Някляева, які ў выніку трапіў у бальніцу. У заяве адзначаецца, што супраць Статкевіча і яго аднапартыйцаў былі выстаўленыя абвінавачванні “па сфабрыкаваных справах”.

Дэпутаты Еўрапарламента звяртаюць увагу кіраўніцтва еўраструктур “на сумны факт, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў былі зладжаныя дакладна ў першую гадавіну ЕС па так званай палітыцы аднаўлення стасункаў з Беларуссю”. Што беларуская грамадзянскай супольнасць і дэмакратычная апазіцыя “выказвалі відавочны сумнеў у пытанні шчырасці намераў прэзідэнта Лукашэнкі ў пытанні забеспячэння дэмакратызацыі ўнутранай палітыкі і змягчэння рэжыма”. Яны нагадваюць, што пасля адмены Саветам ЕС санкцый у Беларусі адбыліся “сфальсіфікаваныя выбары”, быў вынесены шэраг смяротных прысудаў, адбыліся “брутальныя і агрэсіўныя дзеянні АМАПа на вуліцах гарадоў Беларусі”.

Еўрапарламентары ўпэўненыя, што неабходна кардынальна змяніць палітыку Еўрасаюза ў дачыненні ўладаў Беларусі. “ЕС не можа пакінуць без увагі надзеі тысячаў беларускіх грамадзян, якія разам з нядаўнімі мірнымі дэманстрантамі вераць у дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь”, — гаворыцца ў заяве. Дэпутаты лічаць, што ЕС мусіць “павысіць аб’ём падтрымкі, накіраванай на ўзмацненне грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і дэмакратычных сілаў Беларусі шляхам суцэльнага прыпынення нядаўняй павышанай фінансавай падтрымкі дзейнасці беларускага ўрада і іншых дзяржаўных структур”. Яны таксама пішуць, што “ЕС мусіць неадкладна ўвесці адэкватныя абмежавальныя меры ў дачыненні тых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія адказныя за гвалт, рэпрэсіі і фальсіфікацыю выбараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі