Дэпутат: Падатак на аўтамабілі яшчэ не прыняты!

“Паправак у дэпутатаў вунь колькі! Калі ішло пасяджэнне, дзве гадзіны на гэты конт была дыскусія. У нас ёсць пытанні. І ўрад яшчэ гатовы сумесна іх давесці, каб мы нармальна маглі прыняць варты бюджэт”.

Дэпутат Ілля Мурашка кажа Еўрарадыё, што Палата прадстаўнікоў яшчэ паваюе супраць “аўтамабільнага” збору. У першым чытанні супраць бюджэту, які прадугледжвае новы падатак з кожнага аўтааматара, прагаласавалі толькі 6 дэпутатаў са 110. Але гэта не значыць, што праціўнікі падатку змірыліся.

Ілля Мурашка: “Кожны законапраект, які прымаецца ў першым чытанні, разглядаецца ўвогуле. Разглядаецца яго канцэпцыя. А да другога чытання далучаюцца ўсе папраўкі: рэдакцыйныя, тэхнічныя. То бок, канцэпцыя змяняцца ўжо не можа. А вось папраўкі мы можам рабіць”.

Дэпутат Леанід Кавалевіч падчас слуханняў прапанаваў усё ж не ўводзіць “аўтамабільны” збор. А падатак на рамонт дарог прывязаць да коштаў на паліва: больш ездзіш — больш плаціш!

“Гэтая прапанова — так па жыцці было!” — тлумачыць Еўрарадыё сваю пазіцыю Леанід Кавалевіч. Раней дзяржаўны фонд складаўся з акцызаў на паліва і адмысловага падатку, які плацілі толькі юрыдычныя асобы. Але цяпер пошлінай плануюць абкласці ўсіх, у каго ёсць аўтамабіль.

Праціўнікі новага збору апынуліся ў меншасці.

Мы прыслухоўваемся да большасці. Гэта дэмакратыя!” — кажа Еўрарадыё дэпутат Уладзіслаў Цыдзік. Ён таксама спрабаваў пераканаць Палату прадстаўнікоў не галасаваць за збор на аўтамабілі, і прапаноўваў іншыя крыніцы фінансавання дарожнай гаспадаркі:

“Каб ніякай шкоды не было эканоміцы, ёсць розныя варыянты. Напрыклад, алкаголю Беларусь шмат ужывае. На жаль. А гэта, вы ведаеце, і пытанне дэмаграфічнай сітуацыі. Гэта важны момант! Так што можна разгледзець, і можна [рамантаваць дарогі. — Еўрарадыё] за кошт акцызаў на гарэлку, якія ў нас дзейнічаюць”.

Дэпутат кажа, што рэгламент дазваляе дэпутатам унесці прапановы па законапраекце паміж чытаннямі:

“Мы сапраўды будзем абмяркоўваць гэтыя праблемы сёння [13 снежня. — Еўрарадыё] пасля абеду і ў панядзелак [16 снежня. — Еўрарадыё]. Паглядзім”.

Нагадаем, з дапамогай новага падатку Мінфін плануе сабраць 1,6 трыльёна рублёў. 40% ад гэтай сумы заплацяць фізічныя асобы — гэта 640 мільярдаў. Астатняе плануецца сабраць з прадпрыемстваў.

Дэпутаты настаялі на тым, каб зборы ад новага падатку былі накіраваныя ў мясцовыя бюджэты, з якіх фінансуецца рамонт дарог. Па словах Іллі Мурашкі, “аўтамабільны” збор складзе толькі 37% ад дарожнага фонду. Натуральна, калі ўсё ж будзе ўведзены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі