Дэпутат Глаз: “Калі прызываць — то ўсіх!”

Студэнтаў-завочнікаў дэпутаты прапануюць пазбавіць адтэрміноўкі. Але не выключаны варыянт, што і студэнтам платнай формы навучання таксама давядзецца ісці ў войска пасля першага курса У снежні мінулага года Міністэрства абароны прадставіла ў Палату прадстаўнікоў законапраект, у якім прапаноўвалася забіраць у войска студэнтаў платнай формы навучання. Але на сваім пасяджэнні 3 лютага дэпутаты выказаліся супраць адмены адтэрміноўкі для студэнтаў-платнікаў. Як патлумачыў Еўрарадыё намеснік старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Анатоль Глаз, адзіным стрымальным фактарам для народных абраннікаў стаў аргумент, што столькі салдат нам не трэба.

Анатоль Глаз: “Адзіным стрымальным фактарам для прыняцця гэтага рашэння стаў той факт, што можа быць лішак прызыўных рэсурсаў — і тады мы будзем студэнтаў і навучэнцаў прызываць не ўсіх. А гэта прынясе адпаведныя карэктывы негатыўнага плана”.

Але як сцвярджае Мінабароны, у апошнія гады існуе вялікая праблема з прызыўнікамі — салдат у войску не хапае. Таму даўкамплектаваць армію дэпутаты прапанавалі завочнікамі. І хоць Анатоль Глаз выступае за тое, каб абавязак перад радзімай выконвалі ўсе, ён задаволены хаця б тым, што завочнікам найхутчэй не ўдасца “адкасіць”. Бо гэта каля 36 тысяч патэнцыйных абаронцаў радзімы!

Анатоль Глаз: “Калі прызываць — то ўсіх! Калі не лішак кантынгенту. А калі не ўсіх, то, канечне, завочнікаў, гэта правільная прапанова!”.

Аргументы на карысць свайго пункту гледжання ў яго жалезныя. Найперш — роўнасць ўсіх перад законам з пункту гледжання правоў чалавека. Па-другое, кажа, прызыў высокаадукаванай моладзі ў войска дазволіць раней паменшыць тэрмін службы да аднаго года.

Пакуль што папраўка ў закон “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе”, у адпаведнасці з якой завочнікаў прапануюць пазбавіць адтэрміноўкі, разгледжаная і падтрыманая дэпутатамі ў першым чытанні. Калі будзе другое чытанне, залежыць, паводле словаў Анатоля Глаза, ад таго, наколькі насамрэч вострая праблема недахопу салдатаў у войску.

Анатоль Глаз: “Крытычны недахоп, пра які заяўляе Мінабароны, гэта праблема не сённяшняга дня. Яна ўзнікне ў 2011 годзе. Альбо падчас зімовага прызыву 2010 года. Гэта не сённяшняя праблема, якую неабходна вырашаць тэрмінова. Але калі трэба тэрмінова — 2 красавіка пачнецца сесія і можна прапусціць гэтае пытанне адным з першых”.

У той жа час дэпутат прапануе падстрахавацца і ўжо зараз унесці ў закон папраўку, у адпаведнасці з якой у войска будуць забіраць усіх без выключэння студэнтаў.

Анатоль Глаз: “Калі ў перспектыве такая сітуацыя ўзнікне, што прызыўных рэсурсаў спатрэбіцца столькі, колькі зараз студэнтаў, якіх рэальна можна прызваць па стане здароўя — абставіны ж розныя ёсць, тады трэба прымаць ўжо ў гэтым законе, што, да прыкладу, з 2015 года, альбо 2013 ці 2018, ісці на прызыў усім, хто навучаецца. Ужо трэба гэта ўказаць”.

Прадстаўнік прэс-службы Мінабароны Сяргей Кузьмянкоў адмовіўся каментаваць рашэнне дэпутатаў прапанаваць войску замест платнікаў — завочнікаў. Маўляў, падчас абмеркавання законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў каментаваць іх могуць толькі дэпутаты.

Што ж тычыцца таго, ці хопіць 36 тысячаў завочнікаў, каб зняць праблему недахопа прызыўнікоў, то, згодна са словамі прадстаўніка Мінабароны, ён у гэтым не ўпэўнены.

Сяргей Кузьмянкоў: “Калі браць гэтыя 36 тысяч, то гэта падводзіць да таго, каб пэўным чынам вырашыць гэтую праблему. Але ўсё будзе залежыць ад патрэб у асабістым складзе Ўзброеных сілаў. А яна часам большая, часам — меншая”.

Такім чынам, можна чакаць, што Мінабароны будзе не толькі настойваць на найхутчэйшым прыняцці паправак у закон “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе”, якія пазбавяць адтэрміноўкі завочнікаў, але і даводзіць дэпутатам, што і гэтай дадатковай колькасці прызыўнікоў ім не хопіць. І да часу прыйдзецца аргумент дэпутата Анатоля Глаза пра тое, што з пункту гледжання правоў чалавека і роўнасці ўсіх перад законам трэба забіраць усіх. У тым ліку і платнікаў.


Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі