Дэпутат Анісім напісала лісты Ананіч і Сукалу па справе затрымання журналістаў

Дэпутат Анісім напісала лісты Ананіч і Сукалу па справе затрымання журналістаў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім напісала лісты міністру інфармацыі Ліліі Ананіч і старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу па справе нядаўняга затрымання ў розных гарадах краіны журналістаў. Найбольш затрыманых было ў Оршы, дзе ў нядзелю прайшла вулічная акцыя пратэсту. Перад яе пачаткам і пасля заканчэння міліцыянеры затрымлівалі журналістаў, якія прыехалі пераважна з Мінска. У панядзелак былі аштрафаваныя Галіна Абакунчык з Радыё Свабода і Кацярына Бахвалава з тэлеканала "Белсат".

Анісім піша міністру інфармацыі, што не можа зразумець сутнасці правапарушэння, у якім абвінавацілі журналістаў. Яна звяртае ўвагу, што яны "дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі і інфармавалі грамадскасць краіны і органы ўлады пра сітуацыю ў розных гарадах". Асабліва дэпутатку абурылі факты затрымання і судоў над журналісткамі-жанчынамі. Анісім просіць Ананіч "прыняць адпаведныя меры для абароны пацярпелых журналістаў, а таксама зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць такіх праяў у далейшым". Яна нагадвае, што ў Беларусі "наладжваецца агульнанацыянальны дыялог па розных пытаннях далейшага развіцця краіны", а кіраўнік дзяржавы "выказаўся за тое, каб жыхары ў розных гарадах мелі права выйсці на вызначаныя месцы... і свабодна сказаць пра свае праблемы".

У лісце да старшыні Вярхоўнага суда Алена Анісім адзначае, што суды над журналістамі не спрыяюць "паляпшэнню агульнай сітуацыі ў краіне" і шкодзяць яе міжнароднаму іміджу. "Складваецца ўражанне, што за гэтым рашэннем стаяць людзі, якія не жадаюць дзейнічаць на карысць нашай дзяржавы ў адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка краіны, а пераследуюць іншыя інтарэсы", — піша дэпутатка.
.
Анісім просіць Сукалу даць адказ, "на падставе якіх заканадаўчых актаў у нашай краіне былі асуджаны людзі, у дадзеным выпадку журналісты, якія дзейнічалі ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі".

Анісім піша, што лісты адправіць у Мінінфарм і Вярхоўны суд звычайнай поштай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі