Дазволу праводзіць масавае мерапрыемства ў Беларусі “Начныя ваўкі” не бралі

Расійскія байкеры з любімага клуба Уладзіміра Пуціна “Начныя ваўкі” задумалі правесці ў Беларусі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Праўда, самі яны называюць гэта мотапрабегам па маршруце Перамогі “На Берлін!”, але беларускае заканадаўства лічыць інакш. Паводле закона “Аб масавых мерапрыемствах” гэты мотапрабег па дарогах Беларусі трапляе пад вызначэнне “вулічнае шэсце”. Каб правесці яго, неабходна атрымаць адпаведны дазвол мясцовых уладаў.



Даведка Еўрарадыё: Паводле закона “Аб масавых мерапрыемствах” вулічнае шэсце — арганізаванае масавае мерапрыемства руху групы грамадзян па пешаходнай альбо праезджай частцы вуліцы (дарогі), бульвара, праспекта, плошчы ў мэтах прыцягнення ўвагі да нейкіх праблем ці публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў альбо пратэсту.  

Як стала вядома Еўрарадыё, у мотапрабегу возьме ўдзел каля 20 “начных ваўкоў” на сваіх “байках”. Ехаць яны будуць арганізаванай калонай і з “мэтай прыцягнення ўвагі ды публічнага выказвання” — ну ўсё адпаведна з законам. Але ці атрымалі яны дазвол ад беларускіх уладаў на правядзенне акцыі?



Першай сустрэне расійскіх байкераў Віцебская вобласць. У Віцебскі аблвыканкам па дазвол на правядзенне сваёй акцыі на віцебскіх дарогах “Начныя ваўкі” не звярталіся.

“Нічога такога не было, — распавядае Еўрарадыё начальнік аддзела ідэалагічнай працы Віцебскага аблвыканкама Анатоль Гуцуляк. — Натуральна, яны павінны давесці да нашага ведама, што ў такі час у такім месцы — усе павінны ведаць”.

Акурат цяпер на стале чыноўніка ляжыць папера, у якой арганізатары аўтапрабегу па маршруце Усава — Полацк — Гатчына — Талачын даводзяць да ведама аблвыканкама сваё жаданне правесці такую “аўтаакцыю”. А тыя ж “ваўкі” гэтага не зрабілі. Не звярнуліся і ў Віцебскі гарвыканкам — гэта Еўрарадыё пацвярджаюць у гарадскім аддзеле ідэалогіі.

Дарэчы, вы пра гэтую акцыю аўтапрабегу чулі? І я не чуў. А ўсё таму, што паводле закона “Аб масавых мерапрыемствах” размяшчаць інфармацыю пра сваю акцыю да атрымання дазволу на яе правядзенне забаронена нават у сацсетках.

А дазвол на акцыю павінны атрымліваць усе. Тыя ж веласіпедысты, калі пажадаюць правесці нейкі велапрабег па вуліцах горада, мусяць у абавязковым парадку браць на гэта дазвол, пагаджаецца кіраўнік прэс-службы МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч. Праўда, каментаваць імаверную акцыю “Начных ваўкоў” не спяшаецца.

Канстанцін Шалькевіч: Калі б вы тэлефанавалі мне два гады таму з такім жа пытаннем (тады праходзіла падобная акцыя “Начных ваўкоў”, — Еўрарадыё), то я б яго вывучыў і сказаў вам адназначна “так” ці “не” (ці абавязкова для правядзення такога мотапрабега атрымліваць адпаведны дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства, — Еўрарадыё), а рашэнне можа быць такое і такое. Пытанне трэба вывучыць: магчыма, абавязкова трэба браць дазвол, магчыма, неабавязкова. Наколькі я памятаю, ДАІ мінулы раз брала ўдзел у прабегу, але не ў плане суправаджэння, а былі нейкія сумесныя акцыі запланаваныя”.

А вось калі сталічныя аматары велапрагулак зладзілі “пакатушкі ў стылі рэтра” без дазволу ўладаў, арганізатарка без пытання атрымала 2 мільёны рублёў штрафу!

Карацей, выглядае на тое, што расійскія байкеры па дазвол на сваю акцыю да беларускіх уладаў не звярталіся. І што сабе думаюць. А і не думаюць звяртацца, заяўляе Еўрарадыё кіраўнік гэтага мотапрабегу Андрэй Баброўскі.

“Гэта не акцыя — гэта проста едзе некалькі матацыклістаў па дарозе, не парушаючы правілы. Што мы ўзгадняць павінны? Мы будзем звычайнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, і ніякага суправаджэння нам не трэба. Мы проста рухаемся як іншыя ўдзельнікі дарожнага руху, нічога не парушаючы і нікому не перашкаджаючы”.

Тым не менш яны плануюць заехаць у Хатынь ды Брэсцкую крэпасць, каб да гэтых помнікаў вайны ўскласці кветкі. Таксама, дарэчы, па нашым заканадаўстве масавае мерапрыемства. Вунь у Мінску людзі таксама хацелі проста, па іх словах, пакласці кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску, а атрымалі ў выніку штрафы і суткі.


Андрэй Баброўскі: “Калі нас затрымаюць на суткі за ўскладанне кветак, то, мяркую, ніхто гэтага не зразумее — ні беларусы, ні расіяне. Таму я лічу, што гэта будзе на сумленні таго, хто так зробіць”.

А пры чым тут сумленне — закон жа для ўсіх роўны?

Фота: joinfo.ua, 15minut.org.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі