Вы тут

“Дай Дарогу!”: Не можам сябе прымусіць пісаць песні на раз-два-тры

Гурт “Дай Дарогу!” прыходзіць у студыю Еўрарадыё не поўным складам. Затое з адміністратарам калектыву Яўгенам Круком. Лідар брэсцкіх панкаў Юра Стыльскі і новы бубнач Ілля Церашчук шмат смяюцца і распавядаюць пра музычную адукацыю, фаршмак, новыя беларускамоўныя трэкі ды складанасці гастрольнага жыцця.

Еўрарадыё: 7 траўня ў вас чарговы вялікі сольны канцэрт у мінскім клубе Re:Public. Чым ён будзе адметны?

Юрый Стыльскі: Як і заўжды: шчыльны Re:Public, тысяча чалавек, як мінімум, так што, чакаем усіх! І ў якасці заманухі скажу, што мы будзем выконваць песню “Увольте”, якая выйшла ў інтэрнэце ў акустычнай версіі. На канцэрце мы яе запішам у харавым выкананні і пасля запіс уставім у студыйную версію. Так што, гэта хатняе заданне для ўсіх, хто прыйдзе на канцэрт (усміхаюцца).

Еўрарадыё: Вы кожныя паўгода ладзіце сольнікі ў Re:Public. А не задзяўбала гэтая цыклічнасць? Можа, ужо варта паспрабаваць “Мінск-Арэну”?

Яўген Крук: У нас ёсць перспектывы паспрабаваць больш умяшчальную пляцоўку, на некалькі тысяч. Але прасцей будзе Палац Спорту, а не “Мінск-Арэну”.

Ілля Церашчук: Для нас гэтыя выступы атрымліваюцца, як стымул. Зрабіць справаздачу таго, што мы зрабілі, дасягнулі за гэты тэрмін. Мы ж да кожнага канцэрта рыхтуем новую песню ці некалькі песень, ці альбом, ці замануху прыдумляем…

 

Акорды, дысанансы — яны не разумеюць! Я кажу "фаршлаг", а яны — "фаршмак"

 

Еўрарадыё: У вас з’явіўся новы ўдзельнік калектыву — бубнач Ілля Церашчук, які, атрымліваецца, адзіны адукаваны музыка гурта. І як табе працуецца з людзьмі без адукацыі?

Ілля Церашчук: Магу сказаць, што гэта вельмі цікава! Часцей за ўсё, людзі з музычнай адукацыяй загнаныя ў пэўныя рамкі. Я нават па сабе магу гэта сказаць. Часам Юра прапаноўвае нейкую ідэю, а я кажу, маўляў, Юра, так нельга рабіць, так няправільна, гэта не па канонах сальфеджыа, гармоніі і гэтак далей. А як жа эксперыменты? Усе нейкія дасягненні былі зробленыя насуперак законам, асабліва датычна творчасці — тут суцэльны эксперымент. І толькі ў такім выпадку можна атрымаць новы прадукт. Таму, нечаму я іх вучу, нечаму — яны мяне.

Еўрарадыё: А размаўляеце вы як? Давай тут зробім вось такім чынам: бд-дыш-ды-дыш!

Юрый Стыльскі: Менавіта так! На паўнеандэртальскай мове (смяюцца). Музыка музыку ў кожным выпадку разумее хоць на ўзроўні сальфеджыа, хоць на мімічным узроўні.

Ілля Церашчук: Але я ўсё роўна не магу і ўжываю тэрміналогію. Я кажу "фаршлаг", а яны "фаршмак" (смяюцца). Акорды, дысанансы — яны не разумеюць!

Еўрарадыё: А зваротны бок?

Юры Стыльскі: Ну, натуральна! Набіраемся пэўнага досведу, нейкіх цікавых тэрмінаў: сінкопа ці фаршлаг! Гэта ўсё вельмі прыкольна і дадае пэўнага гумару ў размовы.

Еўрарадыё: А жаданне пайсці павучыцца не ўзнікла?

Юрый Стыльскі: Не пашкодзіла б, але гэтаму трэба прысвяціць час. А калі мы і так адзін аднаго разумеем, то, думаю, неабходнасці ў гэтым няма.

Ілля Церашчук: Падчас працы яно ўсё роўна атрымліваецца падвучыцца. Нядаўна мы пісалі акорды да нашага новага альбома. Я Юры тлумачыў значэнне акордаў, як яны будуюцца.

Юрый Стыльскі: То бок усе гэтыя прыёмы я ведаю, але ўсе гэтыя назвы… я ад гэтага далёкі, і мне было гэта нецікава. Я іх усе запамінаў візуальна. А цяпер мы выдаём альбом з разваротам, фоткамі, буклетам, постэрам, тэкстамі і для тых, хто пажадае ўзяць гітару і сыграць нашу песню, над кожным радком ёсць акорд.

Ілля Церашчук: І каб не пісаць словамі “зацісні вось тут два пальцы вось так”, даводзіцца іх неяк абазначаць. Таму мы рылі інтэрнэт, глядзелі назвы і пісалі.

Юрый Стыльскі: Троху па-пігмейску, але справіліся з гэтай задачай (смяюцца).

Еўрарадыё: Пра які альбом вядзецца гаворка?

Юрый Стыльскі: Пра “Дай Дарогу!”. Ён жа ў нас проста ў электроннай версіі ў інтэрнэце ляжыць, і ўсё. Мы ж яго не ўпакоўвалі ніяк. Таму хочам зрабіць такі сувенір.

Ілля Церашчук: Робім такое дэлюкс-выданне, якое будзе менавіта, як сувенірная прадукцыя. Будзе малое лімітаванае якаснае выданне, якое проста будзе прыемна паставіць на паліцу.

Еўрарадыё: Калі яго чакаць?

Яўген Крук: Цяпер вядуцца перамовы з “Саюз рэкардз”. Паводле планаў, да канца лета у нас будзе поўны наклад.

Еўрарадыё: Пра новых музыкаў зразумела, а з былымі ўдзельнікамі “Дай Дарогу!” сувязь падтрымліваеце?

Юрый Стыльскі: Я ведаю, хто чым займаецца, але каб мы стала кантачылі, то не. Насамрэч, нас аб’ядноўвала толькі “Дай Дарогу!”. На жаль. Бачымся цяпер толькі на прыпынках ці ў крамах.

Яўген Крук: З нашым бубначом Ігарам Гусевым кантачым. Ён нам дапамагаў са здымкамі кліпа. Ён супрацоўнічае з Вовай Ёдавым і цалкам сышоў у фота-відэа. Пакінуць гурт яму давялося, бо ў яго з’явілася дзіця і Ігар ужо не мог так гастраляваць разам з намі.

 

Будзем старацца выдаваць яшчэ песні на беларускай мове

 

Еўрарадыё: Нечакана на ўсіх вашых афішах, прома-відэа, анонсах з’явілася чырвоная стужка. Пагаворваюць, што вы цягнецеся за модай, ловіце хвалю, падгледзелі ў тых жа Brutto. Ці з чым гэта звязана?

Юрый Стыльскі: Цікава! Наадварот, я неяк не заўважаў, каб недзе з’яўлялася раней гэтая чырвоная стужка. Каб яе нехта падтрымліваў. Наадварот, для мяне было дзіўна, што яе ўвогуле неяк нібы пахавалі недзе. І ніхто апроч нас і не спрабуе яе рэанімаваць…

Яўген Крук: Так атрымалася, што Юра нарэшце саспеў на песню на беларускай мове. Таму гэта ўсё проста добры сімвалізм, каб паказаць тое, што мы раней не казалі. Хаця б так выказваем сваю пазіцыю.

Еўрарадыё: Ну, і наконт беларускамоўнай песні. На “Даём рады” падаравалі вам слоўнік, ці карысталіся ім ужо?

Юрый Стыльскі: Я яго пагартаў, азнаёміўся з ім, зразумеў, што ён такі даволі важкі, у ім вельмі шмат інфармацыі, далёкай ад мяне… але мне вельмі цікава. Яшчэ не карыстаўся, але, думаю, што ў бліжэйшым будучым ён мне спатрэбіцца.

Еўрарадыё: То бок працяг гісторыі пра беларускамоўныя песні “Дай Дарогу!” будзе?

Юрый Стыльскі: А чаму не?

Ілля Церашчук: Гэта быў класны досвед і нам ён спадабаўся. Мы ўсе вельмі доўга працавалі над гэтай песняй. На жаль, у нас ніхто асаблівае не моцны ў беларускай мове. Мы можам неяк размаўляць, але…

Юрый Стыльскі: Дрэннавата (усміхаюцца).

Ілля Церашчук: Але гэта ўсё ж родная мова, таму мы да яе ставімся з трапятаннем, і таму будзем старацца выдаваць яшчэ песні на беларускай мове.

 

Мы, як сляпыя каты, без адміністравання працавалі, а цяпер у нас шчыльныя графікі

 

Еўрарадыё: Пра што марыце, чым захапляецеся акрамя музыкі?

Юрый Стыльскі: Мне падабаецца жывапіс, я ім займаюся паралельна з музыкай. Былі ў Кіеве, я набыў вельмі шмат фарбаў. Думаю, што ў будучым будзе шмат прыемных прыгожых карцін.

Ілля Церашчук: У нас падчас гастроляў Юра выступае ў ролі мастацтвазнаўцы. Ён часта набывае кнігі з біяграфіямі мастакоў, нават зачытвае нам цэлыя главы цікавых фактаў. Мы ўважліва слухаем. У тых жа цягніках, часам — сярод ночы. Напрыклад, пра тое, што Ван Гог адсек сабе вуха. Вельмі цікава. А Яўген, напэўна, спачатку хоча “Мерседэс” дафарбаваць.

Юрый Стыльскі: Ён ужо склеіў сабе з двух адзін. Жэня ў нас аўтаматарыст.

Яўген Крук: Яшчэ і трэці на падыходзе. Але мэта ўсё ж у мяне галоўная — прабіцца з гуртом яшчэ далей. Напрацоўваю кантакты, сувязі, спрабуем пранікнуць на новыя фестывалі…

Юрый Стыльскі: Жэня ў гэтым сэнсе працуе дзень і ноч. Адміністрацыя гурта, я зразумеў, нялёгкая праца. Раней думаў, што гэта так: “Прывет! Як справы? 250? Ну, нармальна! Едзем!” (усміхаецца). А як высветлілася, там такі пласт працы. Трэба ўвесь час нешта запісваць, канспектаваць, весці цэлыя талмуды ў інтэрнэце…

Ілля Церашчук: Яўген распавядаў, што яго ўжо ўсе касіры на нашым вакзале ведаюць. У нас жа часам вялікія маршруты, з вялікай колькасцю перасоўванняў, перасадак. І касіры проста сыходзяць, калі яго бачаць, кажуць: “О-о-о! У мяне абед, ідзіце да іншага касіра!”.

Еўрарадыё: А як яно было да адміністратара ў гурце?

Юрый Стыльскі: Ды як сляпыя каты без адміністравання працавалі. Тады не было і такіх канцэртаў, і паездак такіх. Цяпер у нас шчыльныя графікі, мы ўсе ў поце кожны тыдзень. А раней расслаблялі батоны да такой ступені, што прыходзіў канцэрт і мы ажно радаваліся. Цяпер прыходзіць канцэрт, і гэта мяне крыху пужае. Маўляў, зноў канцэрт? Я ж нават яшчэ не адпачыў нармальна, не набраўся сілаў, а мы зноў едзем (смяецца).

 

Гэта мара любога музыкі, стаць эндорсерам якой-небудзь кампаніі і зняць з сябе праблему расходнікаў

 

Ілля Церашчук: Увогуле, я мару зрабіць уласную студыю гуказапісу, каб у “Дай Дарогу!” не было неабходнасці ў старонніх руках. У мяне ёсць прыватны дом, і я б хацеў яго пераабсталяваць пад студыю. Каб мы маглі там ледзь не жыць. Так робяць крутыя амерыканскія каманды. Вельмі шмат матэрыялу прыдумваецца менавіта на студыі, яны там эксперыментуюць з гукам. А не дома робяць загатоўкі, а потым нясуць іх у студыю і вырашаюць, што і дзе трэба перарабіць. Вось гэта мая асноўная мара — зрабіць уласную студыю…

Еўрарадыё: Вы сталі эндорсерамі, так?

Ілля Церашчук: Так! Я эндорсер талерак TRX. Але з імі адносіны цяжкаватыя, бо кампанія знаходзіцца ў Злучаных Штатах і дастаўляць сюды інструменты крыху цяжкавата. Але летась… я рэдка ўдзельнічаю ў конкурсах, бо я трошкі сціплы… можа, і дарма, а можа, і не… Але ў 2015 годзе я вырашыў вылезці з ракушкі і паўдзельнічаць у конкурсе D'Addario. Яны адабралі сто бубначоў з СНД, а з Беларусі толькі двух — мяне і Кірыла Шавандо (колішні бубнач J:Mopc, Ulis, "Сестра”, музыка Прэзідэнцкага аркестра, — Еўрарадыё). Для конкурсу трэба было зняць тры відэаролікі пра барабанныя пластыкі Evans. Кампанія бясплатна выслала пластыкі і трэба было агучыць іх плюсы і мінусы. То бок гэта быў такі тэст-драйв новай прадукцыі.

І ад самага першага роліка мы з нашым фатографам Пашай падышлі да справы вельмі адказна. І калі конкурс завяршаўся, я ўжо разумеў, што знаходжуся сярод фаварытаў. Таму мы падціснулі і перамаглі. Дзякуючы гэтаму, пазнаёміліся з прадстаўнікамі карпарацыі D'Addario ў Расіі, ад якіх і паступіла прапанова стаць першымі прадстаўнікамі кампаніі ў Беларусі. Цяпер мы праходзім своеасаблівы тэставы перыяд. Яны мне выслалі шмат барабанных палачак, а Юры цэлую скрынку струн.

Юрый Стыльскі: Дзве! Два блокі струн. То бок з тым, як я граю, хопіць на некалькі гадоў (смяецца).

Ілля Церашчук: Думаю, гэта мара любога музыкі, заключыць кантракт з якой-небудзь кампаніяй і зняць з сябе праблему расходнікаў: палачак, струн, медыятараў, камплектуючых запчастак і гэтак далей. Бо на гэта траціцца шмат грошай. Для мяне кожная зламаная палачка — як удар па сэрцы. Напрыклад, палачкі каштуюць 12 долараў, а за канцэрт сыходзіць пары дзве. А гэта ўжо нямала.

 

На раз-два-тры я не магу сябе прымусіць пісаць песні

 

Еўрарадыё: Над новым альбомам працуеце?

Юрый Стыльскі: Рукі не складаем, праца вядзецца. Можа, не вельмі хутка, але бліжэй да лета, у канцы лета… наступнага… можа, нешта і будзе. Ці яшчэ праз адно… адзін раз мы чакалі тры ці чатыры гады, так што, не ведаю.

Яўген Крук: У сярэднім альбом у нас выходзіць раз на тры гады.

Юрый Стыльскі: Проста, можна ж выплёўваць гэтыя песенькі, седзячы на ўнітазе вельмі хутка. Але я стараюся рабіць так, каб ад песні да песні слухач пераходзіў з задавальненнем. Не хачу я пісаць проста так, каб напісаць.

Ілля Церашчук: Для ўсяго свой час. Можа так стацца, што мы ў наступным месяцы засядзем у студыі і запішам альбом. Усё залежыць ад таго, як у кіраўніка будзе натхненне. Калі я прыйшоў у гурт, то былі проста больш-менш закончаныя ідэі, якія мы за два месяцы адрэпетавалі і зрабілі ўвесь альбом.

Юрый Стыльскі: То бок былі песні, такія "шкілецікі". І вось на іх мы за тры месяцы нарасцілі мяса. Але пакуль мы не спяшаемся. Ёсць час на роздумы. Мы яшчэ гэты альбом недапакавалі.

Еўрарадыё: Дарэчы, Юра, а як ты пішаш песні?

Юрый Стыльскі: Адмыслова я нічога не раблю. Бывае, хтосьці кажа: “Вось вазьмі пра гэта прыдумай! А вось глядзі, якая тэма! А давай пра цыцкі, пра грошы, пра хабар”. Я нібы праглынаю гэтую інфармацыю, але вось так на раз-два-тры прымусіць сябе не магу. Ці натхненне мусіць быць, ці наадварот нейкі тупік. Як правіла, у мяне ўсё ўпіраецца ў нейкі тупік, калі я ўжо без сіл, калі разумееш, што нешта тут не тое, тады збіраешся, бярэш сябе ў рукі, сядаеш, думаеш, узважваеш і нараджаецца нейкі сказ, ад якога пішацца песня і ўжо прыходзіць нейкае натхненне.

А часам бывае такі музычны перыяд, што яго немагчыма спыніць і пракантраляваць. Яно само па сабе, як ком каціцца. А часам — і застой. Таму не магу сказаць, што ўплывае на напісанне песень і колькі на песню трэба часу. Няма ніякага клішэ, дзякуючы якому я скажу, што вось заўтра будзе хіт.

Еўрарадыё: Юра дэстпатычны лідар у гурце?

Ілля Церашчук: Ён мае права апошняга слова. Мы можам доўга абмяркоўваць, як што зрабіць. Удзельнічае ў гэтым і Жэня, і фатограф Паша… Усе бяруць удзел у абмеркаванні трэка, уносяць свае карэктывы, але фінальнае слова ўсё роўна за Юрам. Ён жа заснавальнік калектыву і аўтар песень, мы толькі дапамагаем яму гэта ўсё выканаць.

Юрый Стыльскі: Я прыслухоўваюся да меркаванняў калег, музыкаў, сяброў. Таму не магу кідануць нармальна, даводзіцца часам прыслухоўвацца.

Ілля Церашчук: Ага! Юра, тут трэба бочку замяніць! — “Добра-добра! Заменім!” А потым канцэрт-прэзентацыя і “ой”.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Удзельніка шэсця на Дзень Волі вядуць на суд. Фота: Еўрарадыё