Давыдзька: у дзяржаўных СМІ недастаткова інфармацыі пра каранавірус

Давыдзька: у дзяржаўных СМІ недастаткова інфармацыі пра каранавірус

Дзяржаўныя СМІ даюць недастаткова інфармацыі пра каранавірус. Пра гэта старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Генадь Давыдзька заявіў у каментары парталу TUT.by. 

Сёння на пасяджэнні камісіі разглядалі сітуацыю з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі. На гэтае пасядэжнне дэпутаты адмовіліся пускаць іншыя СМІ, акрамя дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. 

На думку Давыдзькі, сёння інфармацыі пра сітуацыю з каранавірусам у Беларусі недастаткова. Пры гэтым дэпутат зрабіў нечаканае параўнанне:

"На наш погляд, калі людзям недастаткова інфармацыі, значыць, яны пачынаюць шукаць гэтую інфармацыю абы-дзе. Калі галодная жывёла не знаходзіць корм там, дзе яго кормяць, яна можа пашвэндаць і па сметніках. Так і адбываецца пры адсутнасці інфармацыі: людзі пачынаюць шукаць яе ў недасведчаных СМІ, дзе няма дакладнай інфармацыі, і якія таксама сілкуюцца здагадкамі, чуткамі, фантазіямі, або ў тэлеграм-каналах, якія могуць не адказваць за свае словы і імправізаваць ды фантазіяваць"

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, па словах Давыдзькі, папракнулі Мінінфармацыі за недахоп інфармацыі пра каранавірус. Было прапанавана стварыць сайт прысвечаны каранавірусу, або запусціць адпаведны блок на тых сайтах, што працуюць ужо цяпер. Інфармацыя там павінна ўвесь час абнаўляцца. 

Па словах дэпутата, супрацоўнікам Мінздароўя не будзе часу весці такі сайт. Таму, магчыма, гэта будзе сайт інфармагенцтва БЕЛТА.

"Гэта значыць, нейкі дзяржаўны орган, які ў рэжыме анлайн, аператыўна, дакладна і без купюр будзе выкладаць інфармацыю аб колькасці тых, хто захварэў, колькі ім гадоў, пол, калі заразіўся, як мяркуецца дзе, пры якіх абставінах, як праходзіць лячэнне, які ў яго стан. Каб людзі бачылі, як гэта ідзе: вось нехта ачуняў, хтосьці ідзе на папраўку. Там павінна быць карта рэгіёнаў з заразай, усе навіны па тэме павінны акумулявацца ў адным месцы", — мяркуе Давыдзька.

Дарэчы, прадстаўнікі Мінздароўя раней адмаўляліся назваць гарады і раёны, дзе выявілі людзей, хворых на каранавірус. Па словах прадстаўнікоў ведамства, гэта магло б паспрыяць паніцы. 

Выказаў Давыдзька прэтэнзіі і да дзяржаўных СМІ, якія амаль не асвятляюць тэму каранавіруса ў Беларусі. "Яны асвятляюць тэму каранавіруса, проста зразумела, што ў іх ёсць пэўная ўстаноўка не сеяць паніку. Бо зразумела, што гэтую інфармацыю трэба падаваць узважана і асцярожна. Але ў нас, вядома, паўсталі прэтэнзіі да іх, бо гэта значыць, што яны ўжо страцілі рытм, трэба нарошчваць гэты рытм ў інфармаванні насельніцтва", — патлумачыў ён. 

А вось выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра лазню, трактар і гарэлку як сродкі ад каранавіруса дэпутат назваў жартам. 

"Прэзідэнт жартуе, і не трэба з прэзідэнта рабіць нейкага монстра. Я таксама кажу: чалавек з перагарам — самы бяспечны чалавек. І калі пераводзіць прэзідэнта на нармальную мову, не трэба інсінуацыямі займацца. Прэзідэнт меў на ўвазе, што працоўнаму чалавеку на трактары каранавірус не пагражае, ён справай заняты, не боўтаецца і не тусуецца абы-дзе", — патлумачыў Давыдзька словы кіраўніка дзяржавы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі