Давыдзька: “Трэба, каб быў і процілеглы пункт гледжання на тое ці іншае пытанне”

Давыдзька: “Трэба, каб быў і процілеглы пункт гледжання на тое ці іншае пытанне”

Рэдактары шэрагу недзяржаўных СМІ звярнуліся да кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі з просьбай даць ім магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў” Ліст падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

І ўжо ў нядзелю, 14 лютага, вядучы “Клуба рэдактараў”, старшыня БТ Генадзь Давыдзька, гаворыць, што ён не супраць выканаць просьбу калег. Гэта ён пацвярджае і ў размове з Еўрарадыё 15 лютага: “Калі хочуць — канечне, запросім”. Праўда, кажа Генадзь Давыдзька, яшчэ дакладна не вырашана, як хутка рэдактарам недзяржаўных СМІ чакаць запрашэння ў студыю “Клуба рэдактараў”.

Тым не менш, запрашэнне ўжо фактычна ёсць, але ў якім фармаце? Запросяць адразу ўсіх падпісантаў звароту?

“Не адразу ўсіх — па адным, па два. У праграмы ж ёсць фармат, і сродак масавай інфармацыі, які прадстаўляе кіраўнік, галоўны рэдактар ці шэф-рэдактар, мае права быць на гэтым “Клубе”, мае права абмяркоўваць пытанні, якія ў павестцы дня і якія абмяркоўваюцца разам з усімі. Але ніколі я не дазволю, каб у “Клубе” ўсе ў “адну дуду” — трэба, каб быў і процілеглы пункт гледжання на тое ці іншае пытанне”.

Ці пагодзяцца на такое запрашэнне часткамі тыя, хто падпісаў адзін на ўсіх зварот на БТ? Шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько кажа, што рашэнне ісці часткамі ці адмаўляцца, калі не запросяць усіх разам, будзе прымацца калектыўна. Але раіць не спяшацца загадзя давяраць абяцанкам Давыдзькі. Маўляў, будзе афіцыйны адказ на іх зварот — можна будзе нешта вырашаць. І нагадвае, што іх рэдакцыя раней звярталася на БТ з просьбай запрасіць іх рэдактара ў праграму Генадзя Давыдзькі, але атрымала адмову.

Шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна таксама кажа пра калектыўнае рашэнне, але выказвае і сваё асабістае стаўленне:

“Я думаю, што неабавязкова, каб мы ішлі ўсе разам. Дастаткова будзе, калі два ці тры чалавекі будуць мець магчымасць у адной, у другой праграме выказаць сваё меркаванне”.

Але пра што найперш хацелі б пагаварыць рэдактары недзяржаўных СМІ?

Давыдзька: “Трэба, каб быў і процілеглы пункт гледжання на тое ці іншае пытанне”

“Пагаварыць ёсць пра што, — упэўнены Андрэй Дынько. — Перадусім тая дзікая сітуацыя з журналістам TUT.BY Дабравольскім. Калі людзей, журналістаў у тым ліку, збіваюць проста ў судзе і людзі ў суседняй зале чуюць гэтыя крыкі — як там збіваюць. Што — гэта не тэма для абмеркавання? Або стаўленне да незалежнай інфармацыі ў так званых дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Тэмаў для абмеркавання тут ужо мех!”

Калегу падтрымлівае Святлана Калінкіна:

Давыдзька: “Трэба, каб быў і процілеглы пункт гледжання на тое ці іншае пытанне”

“У судах, у пракуратуры, у міліцыі людзі сёння шукаюць справядлівасці і дабіцца яе не могуць. Я думаю, калі мы вернемся да сітуацыі са збіццём Паўла Дабравольскага, то хаця б нейкія крокі знойдзем — як наблізіць справядлівасць у нашай краіне”.

Нагадаю, зварот у Белдзяржтэлерадыёкампанію рэдактары недзяржаўных СМІ напісалі пасля “Клуба рэдактараў” 7 лютага. У лісце прадстаўнікі СМІ звяртаюць увагу на тое, што ў эфіры ад 7 лютага журналістаў недзяржаўных выданняў неаднаразова згадвалі ў адмоўным святле з выкарыстаннем механізмаў агрэсіўнай прапаганды найгоршага кшталту: падзел на “сваіх” і “чужых”, навешванне ярлыкоў, агульнае прыніжэнне “тых, хто не падтрымлівае дзяржаўную пазіцыю” і г.д. Між тым і падчас эфіру 14 лютага вядучы праграмы Генадзь Давыдзька называе асобныя недзяржаўныя СМІ антыдзяржаўнымі. За іх рэдакцыйную палітыку альбо за тое, што адбываецца на іх рэдакцыйных форумах.

І напярэдадні магчымага эфіру з рэдактарамі недзяржаўных СМІ Давыдзька папярэджвае:

“Стаўленне да сродкаў масавай інфармацыі ў нас толькі сур’ёзнае будзе — хто здольны на размову, хто здольны на дыялог. А не тыя, хто хоча проста мець нейкі дадатковы сродак для прапаганды сваіх ідэй. Калі ласка, мы даем слова, але гэта дыялог”.

Фота з архіваў Святланы Калінкінай і Андрэя Дынько

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі