Даследаванне: Сярод суседзяў беларусаў найбольш не любяць палякі

Даследаванне: Сярод суседзяў беларусаў найбольш не любяць палякі

Стаўленне расіянаў да Беларусаў крыху пагоршылася — такія вынікі даследавання расійскага аналітычнага агенцтва “Левада-цэнтр”. Добра ставяцца да беларусаў 83% расіянаў (а было 87%). Дрэнна — 8% (у мінулым годзе 7%).

Любяць нас і паўднёвыя суседзі. Паводле апытання Rating Group Ukraine, да беларусаў прыязныя 55% украінцаў (43% ставяцца добра, а 12% — вельмі добра). Толькі 2% маюць “халоднае” стаўленне да нас.

Сацыялагічнае апытанне, якое праводзілася сярод жыхароў Літвы ў 2014 годзе кампаніяй Spinter tyrimai, мела крыху іншы фармат. Рэспандэнтам трэба было адказаць, якую з суседніх краінаў яны лічаць варожай для Літвы, а якую прыязнай. 6,5% літоўцаў называюць Беларусь сяброўскай, 19,1% — варожай.

Стаўленне літоўцаў да нас палепшылася. У 2006 годзе толькі 5% літоўцаў лічылі Беларусь сяброўскай краінай, затое варожай — кожны другі.

Пры гэтым літоўцы змянілі сваё стаўленне да палякаў. "Жэчпасполіту" лічаць варожай 26,8% літоўцаў, што на 19% больш у параўнанні з 2006 годам.

Даследаванне: Сярод суседзяў беларусаў найбольш не любяць палякі

Палітолаг з віленскага Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Вітас Юрконіс кажа, што варта адрозніваць стаўленне да краіны і яе народа. Насельніцтва пачало лаяльней ставіцца да Беларусі з многіх прычынаў. Напрыклад, "Акропаліс"!

“Уплывае і эканамічнае супрацоўніцтва, інвестыцыі Беларусі ў порт Клайпеды. Ну і не сакрэт, што шмат беларусаў наведвае нас з розных прычынаў”, — выказвае меркаванне палітолаг.

Але стаўленне да дзяржавы можа пастаянна змяняцца. Напрыклад, яно залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі вакол Астравецкай АЭС.

Стаўленне ж да Польшчы пагоршылася таму, што яна выпала “з радараў” Літвы, тлумачыць Вітас Юрконіс. У замежнай палітыцы Варшава апошнім часам больш арыентавалася на вялікія краіны, такія як Германія і Францыя. Але новы прэзідэнт абяцае большы ўхіл на рэгіянальнае супрацоўніцтва, можа, пасля гэтага агульная карціна пачне мяняцца.

Дарэчы, цёплыя пачуцці да беларусаў маюць 28% палякаў. Толькі не любяць нас крыху больш — 29%, пра што сведчаць дадзеныя польскага фонду CBOS.

Даследаванне: Сярод суседзяў беларусаў найбольш не любяць палякі

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў таксама падкрэслівае, што варта адрозніваць стаўленне да народа і краіны. Важна, як задаецца пытанне. Калі б у літоўцаў спыталіся пра стаўленне да беларусаў, а не да краіны, адказы былі б зусім іншымі. На грамадскае меркаванне могуць уплываць і СМІ.

“У СМІ той жа самай Польшчы, Літвы, Еўрасаюза Беларусь прадстаўленая як краіна з негатыўнымі канатацыямі: і дыктатура, і парушэнне правоў чалавека, і ў ваенна-палітычным сэнсе Беларусь — саюзнік Расіі”, — кажа палітолаг.

Напрыклад, у польскіх медыях беларуска-расійскія вучэнні выклікаюць успышкі істэрыі, гэтак жа як і ў Літве. Такое ж “люстэркавае” стаўленне ствараецца і ў нашых СМІ да краінаў NATO.

Але калі паміж насельніцтвам краінаў адбываецца шмат персанальных камунікацыяў, уплыў медыяў не будзе мець галоўнага значэння.

Галоўнае фота: secretsanctuaries.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі