ДАІ і Мінгарвыканкам 4 месяцы не могуць замяніць няправільны дарожны знак

ДАІ і Мінгарвыканкам 4 месяцы не могуць замяніць няправільны дарожны знак

Жыхар Мінска Павел яшчэ ў снежні звярнуўся ў Мінгарвыканкам, каб змянілі памылковы дарожны знак на скрыжаванні вуліц Кулешова і Шышкіна ў Мінску.

Згодна з таблічкай, якая ўсталяваная на выездзе з боку прыватнага сектару на вуліцу Куляшова, адна з палос галоўнай дарогі ўспрымаецца, як другарадная і таму можна не саступаць дарогу аўтамабілям, якія выязджаюць адтуль.

"Я ўзгадаў, што ўвесь час тут езджу, і дарога галоўная. Таму я ледзь не трапіў у аварыйную сітуацыю. Вырашыў пра гэта паведаміць у аўтаінспекцыю. Не змог туды датэлефанавацца, прыязджаў тры разы да Заводскага аддзела ДАІ — дзверы былі заўсёды зачыненыя. Таму 16 снежня звярнуўся ў Мінгарвыканкам праз электронны зварот. Запыт перадалі ў РАУС", — распавядае Павел.

Ужо ў студзені ў РАУСе адказалі, і пагадзіліся — знак няправільны. У адказе за подпісам начальніка Завадскога РАУСа Германовіча праблему абяцаюць выправіць у студзені.

Займацца гэтым ДАІ даручыла КУП "Смэп Мінгарвыканкама".

"Паважаны Павел Уладзіміравіч! Паведамляем, што Ваш зварот разгледжаны ў аддзеле ДАІ Заводскага раёна Мінска. Праведзенае абследаванне. Факты, выкладзеныя ў звароце, пацвердзіліся", — паведамляюць у РАУС. І абяцаюць усё паправіць у студзені.

"Я прыехаў туды ўжо на пачатку красавіка, таблічку так і не змянілі, яна тая ж. Пасля звярнуўся у СМЭП і яны паведамілі, што нічога ад ДАІ не атрымоўвалі. Паабяцалі прыняць заяўку ад мяне", — апісвае Павел.

Відаць, запыт згубіўся недзе па дарозе з РАУСа ў арганізацыю, якая мяняе знакі. Павел накіраваў яшчэ адзін запыт у МУС. Пасля чыноўнікі самі пачалі яму тэлефанаваць і запэўніваць, што важна сустракацца сам на сам. Бо таблічку ўсё ж памянялі, але не тую!

У выніку чатыры месяцы ніхто не можа замяніць памылковую інфармацыйную таблічку, якая правакуе стварэнне аварыйных сітуацый на скрыжаванні і пагражае чалавечым жыццям. Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял чыноўнікі з аўтаінспекцыі ўсё ж самі патэлефанавалі кіроўцу і абяцалі ўсё памяняць у бліжэйшыя дні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі