Да затрыманых па справе “аб масавых беспарадках” упершыню пусцяць адвакатаў
З моманту затрымання прайшло ўжо 7 дзён. Абвінавачванне затрыманым да гэтага часу следчыя афіцыйна не выставілі.
29 сакавіка, праз сем дзён пасля затрымання, адвакат Змітра Дашкевіча упершыню зможа пабачыць свайго падабароннага. Як паведаміла Еўрарадыё Наста Дашкевіч, адвакатам затрыманых яшчэ 22 сакавіка актывістаў следчыя дазволілі прысутнічаць на допыце.
Наста Дашкевіч: “Адвакат ў Змітра свой, і ёсць ён ужо даўно. І сёння яны мусяць убачыцца на нейкіх следчых дзеяннях ці, прасцей кажучы, на допыце. Але, як і сваякі іншых затрыманых, чакаю канца тыдня. Бо да канца тыдня ім павінны альбо выставіць абвінавачванне, альбо вызваліць”.
Нягледзячы на тое, што са сваімі падабароннымі адвакаты яшчэ не сустракаліся, з іх ужо ўзялі “падпіску аб неразгалошванні”, кажа Дашкевіч.