Цыркавы ідэолаг: Есць перакосы нейкія, але ў цэлым мы жывем нармальна

Ідэолагі працуюць паўсюль — яны ёсць у кожным калгасе, райвыканкаме ці міністэрстве. Пасаду ідэолага знаходзім нават на “Белпошце”! Галоўнага ідэолага завуць Мікалай Новікаў. Ідэолаг рэкамендуе “ўзяць любую брашуру па арганізацыі ідэалагічнай працы на прадпрыемстве і там прачытаць”. Але потым Мікалай Георгіевіч усё ж распавядае, у чым прызначэнне ідэолага на “Белпошце”.

“Арганізацыя і ідэалагічнае забеспячэнне, і кантроль, і аказанне дапамогі ў рашэнні сацыяльных пытанняў. І арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў, спартыўна-аздараўленчых, і праца ў інтэрнаце, і ўзаемадзеянне з прафсаюзам, чырвоным крыжом, і савет ветэранаў, "Белая русь", і БРСМ. То бок гэта комплекс — задзейнічаць усе гэтыя структуры і рычагі для арганізацыі працы з людзьмі на месцах. Калі не будуць створаныя ўмовы, людзі будуць незадаволеныя”, — доўга і незразумела пералічвае Мікалай Новікаў. Масавік−зацейнік, фізрук і кастэлян у інтэрнаце — гэта і ёсць ідэалогія?

Але, да прыкладу, у інструкцыі да пасады ані слова пра арганізацыю святаў!

Дарэчы, на сайце Мінпрацы ў агульным банку вакансій Еўрарадыё знаходзіць 18 вакансій для ідэолагаў. Прапануюць заробак ад 2,5 да 5 мільёнаў рублёў.

Уладкавацца ідэолагам можна, да прыкладу, у калгас “Серп і молат”, што ў Чавускім раёне на Магілёўшчыне. Заробак абяцаюць не ніжэйшы за 4 мільёны. Патрабаванні — аўто і вопыт працы.

“Чым займаецца ідэолаг? Ідэалагічнай працай — пра гэта можна пачытаць у інтэрнэце. Цалкам весці ўсе пытанні: п'янства, алкагалізм, як трэба правільна працаваць. Павінен быць намеснікам старшыні калгаса. Але яго ў нас ніколі не было, таму калі з’явіцца, мы раздрукуем інструкцыю і самі будзем ведаць, што ён павінен рабіць”, — распавядаюць у гаспадарцы.

А вось спіртагарэлачны завод “Аквадзіў”. Намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Гірс, ён жа намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы і сяльгаспытаннях, цяпер у адпачынку. Але ў прыёмнай прадпрыемства пералічваюць абавязкі:

“Ідэолаг займаецца ідэалагічнай працай”

Еўрарадыё: "А якой?"

“Вось людзі звяртаюцца — ён разглядае іх пытанні. Спонсарская дапамога — ён вызначае, каму выдзеліць. Арганізацыя культурна-спартыўных мерапрыемстваў”.

Зноў не ідэолаг, а культмасавы сектар на прадпрыемстве? Дык так бы і называлі!

Падпіскай на газеты, арганізацыяй святаў, культурных і спартыўных займаецца галоўны ідэолаг гомельскага дзяржаўнага цырка Аляксандр Хайкоў. Ёсць нават у цырку такая пасада!

“Падпіска на газеты, і ветэраны ў мяне ёсць — адна ветэранка — ёй дапамогу трэба аказаць своечасова. І прапаганда нашага жыцця — самага лепшага ў свеце. Людзям трэба данесці, так, ёсць перакосы нейкія, але ў цэлым мы жывем нармальна. Трэба праводзіць тлумачальную працу. Наш лад жыцця трэба прапагандаваць. Вы глядзіце, колькі наш прэзідэнт правіць, вы ідзяце па вуліцы свабодна і нічога не баіцеся. Бо прэзідэнт прыціснуў усялякую шушару. Вось такія справы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі