Ці прыляцяць лаўкосты ў Беларусь?

Скончыўся капітальны рамонт у аэрапорце Магілёва. Цяпер туды, як і ў іншыя абласныя аэрапорты, могуць прылятаць вялікія пасажырскія лайнеры. Але ніякіх рэйсаў пакуль няма.

"Мы выконваем палёты з Гомеля, Брэста і Гродна на Калінінград. Таксама ёсць разавыя рэйсы", — кажа намеснік гендырэктара "Белавія" Ігар Чаргінец.

Самі ж аэрапорты не супраць запусціць чартары ў Турцыю і Балгарыю і нават запрасіць на свае лётнішча замежных перавозчыкаў, у тым ліку лаўкост-кампаніі.

"Але наша паважаная "Белавія", нацыянальная кампанія, баіцца запускаць рэйсы з абласных аэрапортаў. Але і не дае, каб нехта чужы сюды лятаў", — распавядае дырэктар аднаго з абласных аэрапортаў.

Гендырэктар "WizzAir Украіна" Акош Буш у інтэрв'ю forbes.ua кажа, што атрымаць прызначэнне ў краінах СНД цяжка і вельмі дорага. Некаторыя дзяржавы абараняюць нацыянальных перавозчыкаў.

"Беларусь кажа адкрыта: мы не зацікаўленыя ў новых перавозчыках, мы не дадзім прызначэнняў".

Як даведалася Еўрарадыё, на абласныя аэрапорты кампанія WizzAir не выходзіла.

"Я магу пацвердзіць, што ніякіх абвяшчэнняў датычна Беларусі зроблена не было, і мы не можам каментаваць перамовы ці чуткі аб будзь-якім развіцці маршрутнай сеткі", — каментуе Еўрарадыё сітуацыю прадстаўнік WizzAir Даніэль Карвальё.

Белаэранавігацыя разам з прадстаўнікамі абласцей нядаўна праводзіла нараду па пытаннях развіцця палётаў з абласных аэрапортаў. Але, як паведамляе крыніца Еўрарадыё, гендырэктар "Белавія" на гэтай нарадзе не з'явіўся з-за неадкладных спраў. Таму нічога канкрэтнага вырашыць не атрымалася.

Кіраўніцтвы абласных аэрапортаў сумняваюцца, што танным авіяперавозчыкам дадуць лятаць у Беларусі.

"Таму што ўсё людзі сыдуць з "Белавія" нават у Віцебск ці Брэст, не важна — калі цяпер лятаюць з Вільні. А што будзе, калі з'явіцца ў абласных гарадах? Усе рынуцца сюды. Але некалі лопне шарык".

У краіны Балтыі лаўкосты прышлі, і рынак там падзяліўся. Паводле слоў віцэ-прэзідэнта кампаніі AirBaltic Яніса Ванагса, дзякуючы канкурэнцыі вырас пасажырапаток:

"Нельга сказаць, што мы нічога не згубілі. Але для пасажыра гэта добрая навіна, бо падаюць кошты. Для эканомікі краіны гэта таксама добра, бо прыход новых пасажыраў значыць прыход свежых грошай. З іншага боку, лаўкостары прыходзяць у аэрапорты за кошт субсідый. І стаіць пытанне, ці можам мы дазволіць такія субсідыі? Ніжэйшыя тарыфы на абслугоўванне ці формы наўпроставых выплат. Ці будуць гэтыя грошы вяртацца ў нашу эканоміку? Але плюсы ад прыходу лаўкостара большыя, чым мінусы".

Сёлета з Мінска ў Барселону пачала лётаць адна нібыта лаўкост-кампанія — Vueling Airlines, але з зусім не нізкімі коштамі. На верасень можна набыць квіток у два бакі за 400 еўра, і гэта без багажу! Квіткі на гэтыя ж даты лаўкостам з Вільні каштуюць удвая танней.

Пры гэтым квіткі ў Барселону з Кіева абыдуцца ў 310 еўра ў два бакі. А вось для сваіх Vueling Airlines сапраўды лаўкост. Напрыклад, з аэрапорта Барселоны ёсць прапановы за 40-50 еўра ў адзін бок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі