Ці пакіне Грэцыя еўразону пасля парламенцкіх выбараў?

Апытанні грамадскага меркавання кажуць пра тое, што перамагчы мусіць леварадыкальная партыя СІРЫЗА. За апошні тыдзень яна павысіла свой рэйтынг да 36%, у той час, як за кансерватыўную “Новую Дэмакратыю” збіраюцца аддаць свае галасы менш за 31% выбаршчыкаў.

У выпадку перамогі СІРЫЗА, яе кіраўнік Алексіс Цыпрас абяцае грэкам адмовіцца ад мераў жорсткай эканоміі, перагледзіць ўмовы выдавання фінансавай дапамогі і дамагчыся ад крэдытораў яшчэ аднаго буйнамаштабнага спісання грэчаскіх пазыкаў.

Некаторыя эксперты кажуць, што такія крокі могуць прывесці нават да выхаду Грэцыі з еўразоны. Разам з тым, адказны за эканамічную праграму СІРЫЗА Яніс Мілас у інтэрв’ю Еўраньюс запэўнівае, што выхаду краіны з еўразоны партыя не плануе:

Ён зусім немагчымы. Мы чуем пра такі сцэнарый кожны раз, калі ў нас праходзяць выбары. Гэта робіцца, каб запалохаць людзей і прымусіць іх прагаласаваць за палітыку, якой яны не хочуць і не ўхваляюць. Такога не можа адбыцца, таму што, калі краіну прымусяць пакінуць еўразону, то ўся еўразона абрынецца”.

А вось прадстаўнік другой па папулярнасці партыі “Новая Дэмакратыя”, якая, дарэчы, цяпер займае большасць у парламенце, Нікас Дэндзіас распавядае, чаму менавіта яны мусяць перамагчы на гэтых выбарах:

Спадзяюся, што ўсе памятаюць, чаму грэчаская эканоміка апынулася на мяжы краху ў 2010 годзе. Прычынай была няправільная эканамічная мадэль, якая заахвочвала спажывецкія выдаткі, але перашкаджала развіццю вытворчасці і інавацыяў. Прынятыя намі ўмовы знешняй дапамогі былі як лекі — магчыма, яны падзейнічалі добра, а можа і не, але моцнымі апынуліся пабочныя эфекты. Так ці інакш, мы мусім зразумець, што не ў іх прычына ўсіх цяперашніх праблемаў. Хачу адзначыць, што нягледзячы на зробленыя памылкі і няправільныя выбары, мы здолелі захаваць краіну ў еўразоне, а ў гэты многія не верылі ў 2012 годзе”.

Сапраўды, атрымаць абсалютную большасць галасоў у парламенце радыкальным левым атрымаецца наўрад ці. З чаго вынікае, што ім прыйдзецца шукаць кааліцыйнага партнёра. Алексіс Цыпрас ўжо спрабаваў дамовіцца з Камуністычнай партыяй Грэцыі, але яе лідэр Дзімітрыс Куцумбас магчымасць саюза з рухам СІРЫЗА пасля парламенцкіх выбараў выключыў, піша Deutsche Welle.

А вось еўрадэпутат ад “Новый дэмакратыі” Георгіяс Кіртсас лічыць, што пасля 25 студзеня магчымыя чатыры сцэнарыі развіцця падзей.

Першы сцэнар: насуперак вынікам апытанняў грамадскага меркавання кансерватары перамагаюць на выбарах і фармуюць новы кааліцыйны ўрад.

У такім выпадку эканоміка пачне набіраць абароты”.

Другі сцэнар: СІРЫЗА перамагае, фармуе левы ўрад і даводзіць справу да разрыву з міжнароднымі крэдыторамі. “Тады можа паўстаць пытанне аб выхадзе Грэцыі з еўразоны”.

Трэці сцэнар: СІРЫЗА перамагае, але мяняе курс і адмаўляецца ад ажыццяўлення многіх сваіх перадвыбарных абяцанняў. “Гэта можа выклікаць унутрыпартыйныя канфлікты”.

Чацвёрты сцэнар: пасля выбараў ўзнікае такая сітуацыя, калі ні СІРЫЗА, ні кансерватары не ў стане сфармаваць ўрадавую большасць, і давядзецца аб’яўляць перавыбары. “У выніку мы губляем шмат часу, якога не маем”.

З асаблівай увагай за вынікамі выбараў у Грэцыі сочаць цяпер у Іспаніі. Там, паводле апытанняў, трапляе ў лідары новая левая партыя “Падэмас”, і яна вельмі разлічвае на тое, што поспех руху СІРЫЗА ўмацуе і яе ўласныя пазіцыі, адзначае Deutsche Welle.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі