Ці пакараюць ахоўнікаў "Еўраопта" за збіванне пакупнікоў, вырашыць праверка

З-за шакаладкі раніцай 10 жніўня пабіліся двое наведвальнікаў з аховай гомельскага гіпермаркета “Еўраопт”. З відэа, якое трапіла ў інтэрнэт, дакладна не бачна, хто распачаў бойку і ці была насамрэч тая шакаладка аплачаная. Але тое, што ахоўнікі накідалі добрых кухталёў і хлопцу, і дзяўчыне, сумневаў відэа не пакідае. Як і таго, што мацюкоў не шкадавалі абодва бакі.

Як паведамляе Еўрарадыё выканаўца абавязкаў кіраўніка аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама Святлана Урублеўская, да гэтага часу “пацярпелыя” ніякіх заяў у міліцыю не падалі. Тым не менш 12 жніўня да кіраўніка Цэнтральнага РУУС Гомеля выклікалі “на размову” начальніка службы аховы скандальнага гіпермаркета. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад супрацоўнікаў РУУС. Чым скончылася размова, у Цэнтральным РУУС не ўдакладняюць. Але, адзначае Святлана Урублеўская, праваахоўнікі ўсё адно праводзяць праверку. Каб высветліць — хто распачаў бойку і хто вінаваты ў правапарушэнні.

Святлана Урублеўская: “На дадзены момант праводзіцца праверка, па выніках якой і будзе дадзена прававая ацэнка дзеянняў як ахоўнікаў, так і пакупнікоў, і першапачаткова яна зойме 10 дзён”.

Нагадаю, карыстальнік nafanko размясціў у Livejournal відэа, на якім ахова “Еўраопта” білася з двума пакупнікамі. Нібыта, ахова патрабавала паказаць чэк на шакаладку, якую тыя выносілі з крамы і сцвярджалі, што заплацілі за яе раней. Спрэчка паступова перарасла ў бойку. У выніку — у крыві быў і хлопец, і яго дзяўчына.

Да якой адказнасці могуць прыцягнуць пакупнікоў, калі высветліцца, што менавіта яны распачалі бойку, Святлана Урублеўская не ўдакладняе. Не адказвае прадстаўніца гомельскай міліцыі і на пытанне, ці будуць у такім выпадку прыцягнутыя да адказнасці ахоўнікі — за перавышэнне неабходнай “самаабароны”. Паводле афіцыйнага паведамлення УУС, “канчатковае рашэнне па канфлікце залежыць ад таго, ці будзе ўгледжаны ў дзеяннях бакоў склад адміністрацыйнага правапарушэння альбо крымінальнага злачынства”. Карацей, міліцыя разбіраецца — ці нармальна гэта, калі ахоўнікі для супакойвання дэбашыраў збіваюць іх у кроў. Нават калі гэта – дзяўчына.

Кіраўнік культурна-асветніцкай установы "Платформ інавэйшн" Андрэй Бандарэнка не выключае таго, што міліцэйская праверка можа зацягнуцца на нявызначаны тэрмін. І ў якасці прыкладу нагадвае гісторыю Аляксандра Вашкевіча, якога 9 траўня збілі ахоўнікі сталічнай “Кароны”. Больш за месяц таму па гэтай справе міліцыянты распачалі крымінальную справу.

Андрэй Бандарэнка: “Але з таго часу больш ніякай інфармацыі няма: калі справа будзе перададзеная ў суд ці яна будзе зачыненая? Ствараецца такое ўражанне, што міліцыянты абралі тактыку зацягвання часу. Каб грамадства забылася, што там здарылася, і толькі потым прымаць нейкія рашэнні”.

Як паведамляе “Платформа”, 9 траўня моцна збілі Аляксандра Вашкевіча — пашкодзілі яму шыйны пазванок і нанеслі шэраг іншых траўм. Тым не менш ахоўнікі сцвярджалі, што хлопец… сам зваліўся з прыступак і пашкодзіў сабе пазванок. А праз тое, што, падаючы, ткнуўся галавой у бот ахоўніка, на ілбе ў яго застаўся след ад пратэктара. Больш за тое, міліцыянты папярэджвалі пацярпелага наконт адказнасці за ілжывы данос.

Андрэй Бандарэнка: “Калі мы правяралі хлопцаў-ахоўнікаў з “Кароны”, то высветлілася, што частка з іх працавала раней у міліцыі, частка — у АМАПе. Мы даведаліся, што яны маюць сувязі з начальнікамі РУУС і таму паводзяць сябе вельмі ўпэўнена”.

У самім “Еўраопце” ад каментарыяў ухіляюцца. Маўляў, зараз кіраўнік службы аховы разбіраецца з падначаленымі — як такое магло адбыцца. А кіраўніцтва сеткі крам выпрацоўвае афіцыйную пазіцыю, якую і абяцае ў хуткім часе агучыць.

Як сябе паводзяць ахоўнікі замежных гіпермаркетаў, цікавіцца Еўрарадыё. Паводле слоў менеджара гандлёвага цэнтра "Akropolis" Чэславаса Урбанавічуса, іх ахоўнікі дзейнічаюць згодна з адпрацаванай схемай.

Чэславас Урбанавічус: “Калі наведвальнік трапляецца асабліва нахабны, то мы апранаем кайданкі і вядзём яго ў спецыяльны пакой з камерамі відэаназірання — каб паказаць паліцыі, што мы яго не б’ём. Турма ў нас, калі будзеш біць чалавека! І чакаем, пакуль прыедзе паліцыя”.

Каб пазбегнуць магчымых непрыемнасцяў, кандыдаты ў ахоўнікі праходзяць адмысловыя тэсты. Якія дапамагаюць не толькі вызначыць тых, хто не прыменіць насілля, але і дзе яму лепш працаваць — на выйсці, у цэнтры гандлёвай залы ці ля касы. Дарэчы, прызнаецца суразмоўца Еўрарадыё, апошнім часам у спецыяльны пакой з відэакамерамі даводзілася адводзіць і беларусаў — хто нешта спрабаваў скрасці, а хто спрабаваў дэбашырыць…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі