Ці падаражэе бензін следам за доларам?

Апошняе падаражанне бензіну ў Беларусі адбылося 1 лістапада. Гэта быў апошні крок па прывязванні коштаў на паліва да долара, якое абвясціў у верасні “Белнафтахім”. Індыкатарнай маркай вызначылі АІ-92, літр якога пачаў каштаваць эквівалентна 1 долару (на той час 10 600 рублёў).

Напрыканцы года, пасля ўвядзення 30-адсоткавага збору пры набыцці валюты, старшыня канцэрна "Белнафтахім" Ігар Ляшэнка заявіў, што гэта не паўплывае на кошты на бензін і дызпаліва, бо новы валютны збор не распаўсюджваецца на закупкі нафты. Адпаведна, кошты на нафтапрадукты застаюцца на тым жа ўзроўні, які ёсць. Але на сённяшні дзень курс долара да беларускага рубля паводле Нацбанка — 12 740, то бок з апошняга падаражання бензіну ён вырас крыху больш чым на 20%. Але дагэтуль у “Белнафтахіме” не ведаюць, ці варта чакаць наступнага падаражання паліва і калі гэта можа адбыцца.

“Як толькі такая інфармацыя з’явіцца, калі яна з’явіцца, мы адразу размесцім яе на сайце, — каментуе прэс-сакратар кампаніі Марына Касцючэнка. — Звычайна я пра гэта даведваюся літаральна напярэдадні падаражання, але на сёння ніякай інфармацыі ў мяне няма”.

На пытанне, ці вядуцца размовы пра рост коштаў, ці аналізуецца, якімі яны могуць быць, ды ці існуюць на гэты конт нейкія ўнутраныя прагнозы, Марына Адамаўна адказвае катэгарычным: “Усё, што магла сказаць, я сказала!”.

Нагадаем, рэзкі рост коштаў на бензін у Беларусі адбыўся падчас дэвальвацыі ў 2011 годзе. Тады паліва падаражэла адразу на 30% і выклікала хвалю незадаволенасці сярод аўтааматараў. Па ўсёй краіне ладзіліся масавыя акцыі “Стоп-Бензін”, якія прымусілі “Белнафтахім” спачатку знізіць кошты, а пасля павышаць іх паступова, не больш чым на 5%.

Верагодна, што павышэнне цаны на паліва не адбудзецца да 15 студзеня. Менавіта ў гэты дзень скончыцца дзеянне мараторыя на рост коштаў, які ўвяло перад Новым годам Міністэрства гандлю Беларусі. Якім будзе новы кошт на паліва, прадказаць немагчыма, бо за тыдзень курс долара можа яшчэ не аднойчы змяніцца.

Фота: ru.tsn.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі