Ці насамрэч у Беларусі можна атрымаць “крыміналку” за графіці

Увечары 11 жніўня ў Мінску праходзіць міліцэйская спецаперацыя. Адразу пяцёра хлапцоў сцвярджаюць, што сталі ўдзельнікамі брутальнага “маскі-шоў” з ператрусамі, збіццём і допытамі. Прычынай называюць з’яўленне ў траўні і чэрвені шэрагу графіці з палітычным зместам.

Колькі людзей затрымалі і за што

Праваабаронцы гавораць пра траіх. Двое з іх цяпер знаходзяцца пад вартай у СІЗА, яшчэ аднаго пільнуюць у бальніцы, куды затрыманы трапіў пасля працэсу затрымання. Яшчэ дваіх адпусцілі пад “абавязальніцтва аб яўцы” — такі лёгкі аналаг падпіскі аб нявыездзе. То бок хлопцы павінны з’явіцца у міліцыю па першым патрабаванні.

Такім чынам, у справе пяць чалавек. Вядомыя імёны траіх з іх. Гэта Яраслаў Ульянкоў, які і расказаў пра усё праваабаронцам, Максім Пякарскі і Вячаслаў Касінераў. Імёны яшчэ дваіх не раскрываюцца. Вядома толькі, што адзін з гэтых таямнічых гарфіцістаў грамадзянін Расіі, Павел. Следчы камітэт паведамляе пар чацвярых затрыманых.

За што? Афіцыйнае паведамленне прэс-службы СК гучыць так: "Кіраваннем Следчага камітэта па Мінску расследуецца крымінальная справа аб пашкоджанні маёмасьці і хуліганскіх дзеяннях. Па падазрэнні ў здзяйсненні дадзеных злачынстваў затрыманыя чацвёра жыхароў горада Мінска. Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі матэрыялы Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь. Указаныя асобы падазраюцца ў тым што, у ліпені бягучага года ажыццявілі порчу рэкламнага шчыта з малюнкам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, прычыніўшы апошняму матэрыяльны ўрон у памеры не менш за 2 мільёны рублёў".

Хто гэтыя людзі

Пра гэта вядома няшмат. Яраслаў Ульянкоў, які быў адпушчаны пасля затрымання і допытаў, называе сябе дызайнерам. Жыве ў Мінску на Каменнай горцы. Яму 32 гады. Пра іншых вядома яшчэ менш.

Пошукі ў інтэрнэце па сацыяльных сетках выводзяць на групы ў "Фэйсбуку" і "Укантакце", якія называюцца “Пошуг”, альбо “Наша справа”. Там размешчаныя фота тых самых графіці, з-за якіх, нібыта, ўсчаўся ўвесь шум. А таксама спасылкі на відэаролікі, на якіх некалькі хлопцаў прымушаюць яшчэ аднаго зняць кашулю з партрэтам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. І яшчэ сюжэты украінскіх СМІ, якія называюць “Пошуг” новай беларускай патрыятычнай арганізацыяй.

У суполцы “Пошуга” ў "Фэйсбуку" пазначана, што гэта “Адукацыйная ўстанова”. Агулам суполкі ў сацыяльных сетках маюць каля 2000 тысяч “сяброў” са значным перавесам на карысць “Укантакце”. Пры гэтым апошняя працягвае абнаўляцца і пасля арыштаў ды ператрусаў. Пры гэтым, нейкай акрэсленай ідэалогіі альбо праграмы ў сацсетках “Пошуга” няма, а самі графіці, фота якіх там апублікаваныя, больш нагадваюць вынікі школьных заняткаў па маляванні. Хаця, ёсць і даволі арыгінальныя. З выявай амонаўца, эмблемай МУС і лозунгам “Міністэрства унутраных распраў”, напрыклад.

Чаму ўсё так жорстка — ператрусы, заключэнне пад варту, “маскі-шоў”.

Уся справа ў хуліганстве. Юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка расказвае, што малюнкі на сценах таксама могуць стаць прычынай “маскі-шоў”. Прынамсі, тэарэтычна. “Хуліганствам лічыцца парушэнне грамадскага парадку, звязанае ў тым ліку са знішчэннем альбо прычыненнем шкоды маёмасці. Існуе такое разуменне, што нанясенне надпісаў з’яўляецца адной з формаў нанясення шкоды маёмасці”, — кажа юрыст.

У дадатак у Крымінальным кодэксе існуе асобны артыкул, які прадугледжвае пакаранне за “апаганьванне будынкаў і пабудоваў цынічнымі надпісамі, альбо выявамі”. Калі дзеянні затрыманых 11 жніўня будуць кваліфікаваныя як хуліганства, то ім насамрэч можа пагражаць нават 6 гадоў пазбаўлення волі. Калі справа толькі ў “апаганьванні будынкаў” там максімум год.

Што будзе далей?

З гэтым акурат яснасці пакуль няма — нікому з затрыманых афіцыйна абвінавачванні пакуль не прад’яўленыя і пра тое, як справа будзе выглядаць у выніку, можна толькі здагадвацца. Па законе на прад’яўленне абвінавачвання ў следства ёсць дзесяць дзён. То бок да 21 жніўня затрыманым графіцістам альбо скажуць канкрэтна, за што арыштавалі, альбо адпусцяць.

Ці павялічыцца колькасць палітвязняў у Беларусі пасля гэтай справы, таксама пакуль гаварыць рана. Усё залежыць ад артыкулаў, прыгавораў і ходу судовых працэсаў. Пакуль выглядае на тое, што гаворкі пра дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі няма. Таму справу графіцістаў можна будзе, хутчэй, параўнаць з арыштамі анархістаў перад выбарамі 2010 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі