Чыжа, Пефціева і Тарнаўскага могуць выключыць з “чорнага спіса” ЕС?

Еўрасаюз “рыхтуе скарачэнне спісу неўязных прадстаўнікоў рэжыму”, а “першыя ў спісе — афіцыйныя бізнес-алігархі”, паведамляе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і дадае, што інфармацыю мае наўпрост з Бруселя.

“Лабісты рэжыму на Захадзе апошнія месяцы і нават год уздымаюць пытанне выключэння са спісаў неўязных у ЕС беларускіх алігархаў. І неўзабаве гэтае пытанне будзе пераглядацца — я гэта дакладна ведаю”, — сцвярджае Рымашэўскі.

Цяпер у спісе неўязных у краіны ЕС “памагатых рэжыму” тры чалавекі, якіх пры жаданні можна назваць афіцыйнымі бізнес-алігархамі. Гэта ўладальнік “Белтэхэкспарту” і шэрагу іншых кампаній Уладзімір Пефціеў, гендырэктар “Трайпла” Юрый Чыж і ўладальнік нафтавых і будаўнічых кампаній Анатоль Тарнаўскі. Наўрад ці гэтыя людзі моцна пакутуюць ад немагчымасці наведаць віленскі “Акропаліс” альбо з’есці свежаспечаны круасан у парыжскай кавярні. Куды больш нязручнасцяў ім прыносіць тое, што краіны ЕС адначасова замарозілі актывы падкантрольных Пефціеву, Чыжу і Тарнаўскаму кампаній, зарэгістраваных на тэрыторыі Еўрасаюза. Таму не дзіўна, што, напрыклад, Уладзімір Пефціеў пачаў судзіцца з Саветам ЕС амаль адразу пасля зацвярджэння “чорнага спіса” — яшчэ два гады таму.

Факт існавання ў кулуарах Еўрасаюза плётак аб скарачэнні беларускага “чорнага спіса” Еўрарадыё пацвярджае дырэктар брусельскага “Офіса за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская. Гаворыць, што гэта пакуль не больш як чуткі — нейкай афіцыйнай інфармацыі аб магчымым “памілаванні” беларускіх багацеяў няма. Стужынская таксама мяркуе, што прычынай з’яўлення плётак можа быць нядаўняя гісторыя з саудаўскім бізнесменам Ясінам Кадзі. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года ён быў уключаны ў “антытэрарыстычны спіс” як асоба, якая можа фінансаваць баевікоў Аль-Каіды. Але 22 ліпеня у Еўрапейскім судзе Кадзі змог давесці, што яго сувязі з баевікамі — не больш чым фантазіі чыноўнікаў з ЕС і ЗША. А таму са спіса яго выключылі.

Лагічна меркаваць, што Пефціеў, Чыж і Тарнаўскі маглі б пайсці пратаптанай саудаўскім калегам сцежкай. Менавіта пра судовы шлях выключэння іх з “чорных спісаў” гаворыць Віталь Рымашэўскі. Сцвярджае, што ўсё вырашыцца у самым хуткім часе.

“Справы знаходзяцца ў працэсе разгляду. Я думаю, што цягам бліжэйшага месяца-двух будзе прынята рашэнне”.

Як даведалася Еўрарадыё, на разглядзе ў Судзе справядлівасці Еўрасаюза зараз насамрэч знаходзіцца справа аднаго з “афіцыйных бізнес-алігархаў”. Гэта Уладзімір Пефціеў. Праўда, звярнуўся у гэтую інстанцыю не ён, а… улады Літвы. Дакладней — Галоўны адміністратыўны суд гэтай краіны. Літоўцы спрабуюць праз еўрапейскія інстанцыі абскардзіць выйграны Пефціевым у іх саміх працэс. Год таму беларускі бізнесмен у Віленскім акруговым адміністратыўным судзе давёў, што яго рахункі ў еўрапейскіх банках замарожаныя неабгрунтавана. Цяпер літоўскае МЗС спрабуе захаваць аблічча з дапамогай суда ЕС. Дата разгляду справы пакуль невядомая, але калі Пефціеў выйграе і гэты працэс, яго “паплечнікі па няшчасці” Чыж і Тарнаўскі могуць смела ісці пратораным шляхам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі