Чыноўнікі пра графіці: Маляваць Быкава — пытанне ідэалогіі

За спробу намаляваць партрэт Васіля Быкава ў цэнтры горада мастакам далі 18 мільёнаў штрафу, па 4,5 на кожнага. Бо малюнак на трансфарматарнай будцы не ўзгаднілі з уладамі горада. Накіды партрэта ўжо замалявалі, за што патрабуюць яшчэ 200 тысяч выдаткаў.

Цяпер мастакі спрабуюць атрымаць такі дазвол. Праз пяць інстанцый высветлілася, што дазволіць партрэт Быкава на трансфарматарнай будцы можа толькі намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

“Мы перадалі ліст на імя намесніка старшыні Мінгарвыканкама па ідэалогіі. Цяпер будзем чакаць 15 дзён. У лісце прасілі менавіта гэтае месца, дзе ўжо пачалі маляваць. Калі не дазволяць — зробім партрэт у іншым горадзе, дзе прасцей з чыноўнікамі”, — расказвае каардынатар праекта “Signal” Алег Ларычаў.

Раней мастакі размалёўвалі шматпавярховікі і іншыя будынкі ў Гомелі і Магілёве, мясцовыя ўлады гэта дазвалялі. Чаму не бралі дазвол на Быкава? “Бо не паспявалі да 90-годдзя пісьменніка”.

“Вырашылі рызыкнуць, зрабіць. Шмат прыкладаў, калі малюнак у Мінску зроблены нелегальна, але пасля яго не замалёўваюць, бо ўсім падабаецца”, — тлумачыць Еўрарадыё Алег Ларычаў. І дадае, што супрацоўнікі ЖЭСаў, ЖРЭА і міліцэйскі патруль, які затрымліваў мастакоў, былі не супраць, каб партрэт дамалявалі.

Цяпер на месцы замаляванага партрэта пісьменніка з'явілася новае графіці - надпіс "Тут быў Васіль Быкаў". Аўтар невядомы. У Камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Мінгарвыканкама цікавімся: ці ўзгадняюць з імі графіці ў Мінску?

“У Кастрычніцкім і Маскоўскім раёнах такія прыклады былі. Але гэта ў кіраўніцтва раёна звяртаюцца, яны ўзгадняюць”, — тлумачаць чыноўнікі.

Чаму тады з партрэтам Быкава адпраўляюць да намесніка мэра Мінска… Прапануем намаляваць партрэт Быкава адміністрацыі Маскоўскага раёна.

“Быкаў — гэта хутчэй пытанне ідэалогіі”, — адразу гавораць у адміністрацыі “адкрытага” для вулічных мастакоў Маскоўскага раёна. Тут прыгадваюць толькі адзін прыклад, калі малюнак узгаднялі.

“Калі да нас і звяртаюцца, то гэта ўсё на платнай аснове. Калі б хтосьці выступіў з ініцыятывай, напрыклад, дыпломных працаў выпускнікоў Акадэміі мастацтваў на падстанцыях... Эскізы ўзгадняюцца з кіраўніцтвам”, — малююць мне такую схему ў адміністрацыі раёна.

Пры гэтым у цэнтры Мінска, на праспекце Незалежнасці і вуліцы Карла Маркса, ёсць некалькі графіці і малюнкаў, якія ніхто не ўзгадняў. Іх не замалёўваюць. Пакуль.

Фота: svaboda.org , і з facebook Віктара Контара

На фота - эскіз партрэта на трансфарматарнай будцы і надпіс, які з'явіўся, калі партрэт зафарбавалі.

Афіцыйна размаляваць дзевяціпавярховік: “Галоўнае, каб без гвалту і крыві”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі