Чыноўнікі: Людзі думаюць, што двор — іх маёмасць!

Чыноўнікі: Людзі думаюць, што двор — іх маёмасць!

Дворык па вуліцы Жукоўскга, 10 у Мінску цяпер перакапаны траншэямі. Без гумавых ботаў рухацца тут складана. Чыноўнікі вырашылі добраўпарадкаваць дворык і збудаваць паркоўку на 24 месцы.


Па задуме, паркоўка мусіць з'явіцца паміж трыма карпусамі дома, дзе раней былі зялёная зона і дзіцячая пляцоўка. Зямля там ужо разраўняная.


"У праекце прадугледжаныя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, гаспадарчыя пляцоўкі, пляцоўкі для адпачынку дарослых. Распрацаваныя мерапрыемствы для безбар'ернага перасоўвання маламабільных групаў насельніцтва", — абяцаюць чыноўнікі з Мінгарвыканкама ў адказ на зварот жыхароў дома, якія супраць паркоўкі. 

“Мерапрыемствы для маламабільных груп” — гэта два месцы на паркоўцы для людзей з інваліднасцю і паніжальны пандус. Такія патрабаванні для ўсіх сучасных праектаў

Дамы ў дворыку стаяць літарай П, без прасвету, і людзі хвалююцца, што ўсе выхлапныя газы ад паркоўкі будуць падымацца да вокнаў.


"Я ўжо пашкодзіла машыну з-за гэтых траншэяў. Не бачу ў гэтым нічога добрага. Не ўпэўненая я, што атрымаю там месца. І яе будуюць пад вокнамі, у "калодзежы" паміж дамоў. Па законах фізікі атмасферныя слаі падымаюцца ўверх, таму будуць выхлапныя газы, шум. Знішчылі зеляніну, якая там расла і ратавала нас", — расказвае мясцовая жыхарка Валянціна.


Па падліках мясцовых жыхароў, пад "добраўпарадкаванне" ужо высеклі 34 дрэвы. Хоць у сваіх адказах чыноўнікі абяцаюць кампенсаваць гэтую высечку.


Жыхары стварылі ініцыятыўную групу і сабралі подпісы па кватэрах. Людзі альтэрнатыўна прапануюць рабіць паркоўкі за кошт пашырэння праездаў.

"Мы дамагліся грамадскага слухання па гэтым пытанні праз дэпутата. Толькі праз месяц прызначылі сход! Кінулі пару абвестак па пад'ездах, і ўсё. Сабралася 14 чалавек. Мы прапанавалі зрабіць пракоўкі каля праездаў, проста пашырыць іх. Нам адказалі, што там цеплатраса. Але самі сантэхнікі кажуць, што яе там няма", — апісвае сябра ініцыятыўнай групы Алена.


Асноўнай праблемай яна называе прастору для дзяцей. Каля дома працуе дзіцячы садок, недалёка школа "а дзеці будуць дыхаць выхлапнымі газамі і не будзе, дзе гуляць".

Для чыноўнікаў усё проста: "слуханні прайшлі, праект узгоднены, будуем". У аддзеле па добраўпарадкаванні ЖРЭА Кастрычніцкага раёна Мінска спасылаюцца на тое, што старыя двары не адпавядаюць патрабаванням.


"Супраць тыя, хто думае, што двор — іх маёмасць! Там старыя двары, якія не адпавядаюць патрабаванням. У такой забудове складана ўладкаваць парковачныя месцы, бо праходзяць камунікацыі ўздоўж праектаў. Таму паркоўку ўзгаднілі толькі ў куце дзясятага дома", — апісваюць у ЖРЭА.
А мясцовыя жыхары звяртаюць увагу на тое, што паркоўка ў дакументах — "з перспектывай пашырэння".

Так выклядае участак двара, дзе яшчэ засталася дзіцячая пляцоўка

З-за добраўпарадкавання дарогі ў двары размытыя

Такую лістоўку распаўсюджваюць паміж сабой жыхары:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі