Чыноўнік выбачыўся, што вышыванку назвалі "незарэгістраванай сімволікай"

Чыноўнік выбачыўся, што вышыванку назвалі "незарэгістраванай сімволікай"

Мінчук Алесь Крот распавёў у Facebook гісторыю, як дамогся, каб у новым пашпарце было яго фота, на якім ён у вышыванцы. Ён здаў дакументы ў разлікова-даведачны цэнтр, але праз тры дні даведаўся, што яго паперы не прынялі, менавіта з-за фота. Супрацоўнікі спасылаліся на нейкія нарматыўныя акты, паводле якіх "на здымку павінна адсутнічаць незарэгістраваная сімволіка".

Для таго, каб даведацца, чаму беларускі арнамент стаў лічыцца "незарэгістраванай сімволікай", Алесь Крот паехаў у раённы аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Там яму сказалі тое самае і паказалі пастанову МУС ад 2010 года. У ёй адзначаецца, што “не дапускаецца наяўнасць на твары, шыі, прадметах адзення фатаграфуемага (у межах трафарэта для фотадруку) сімволікі, не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку (акрамя ювелірных вырабаў і біжутэрыі)”.

Не атрымаўшы адказу, чаму ж нацыянальны арнамент стаў лічыцца "незарэгістраванай сімволікай", мінчук напісаў электронныя звароты ў раённы і гарадскі аддзелы па грамадзянстве і міграцыі. Не прайшло і тыдня, як Крату патэлефанаваў начальнік раённага аддзела і паведаміў, што яго справа вырашана, "а ўсе вінаватыя падначаленыя пакараны, бо які нармальны чалавек будзе лічыць вышыванку незарэгістраванай сімволікай?". Пры гэтым чыноўнік вельмі выбачаўся, што не можа гаварыць па-беларуску. Ён прапанаваў прыехаць на наступны дзень і прывезці дакументы на новы пашпарт.

"І што мы маем у выніку? — піша мінчук. — 1) рабіць здымкі на пашпарт у вышыванках не забараняецца; 2) беларускі арнамент не з'яўляецца незарэгістраванай сімволікай, таму калі вам пра гэта кажуць, то смела адказвайце, што ні ў якіх нарматыўных актах МУСа гэтага няма і не будзе (альбо ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі пра гэта тады нічога не ведаюць); 3) не кідайце справу на палове вашага маршруту: вярнулі дакументы — пішыце запыт у вышэйстаячыя інстанцыі. Гэта-ж глупства якое, назваць беларускую вышыванку незарэгістраванай сімволікай (!)".

Чыноўнік выбачыўся, што вышыванку назвалі "незарэгістраванай сімволікай"
Фота: facebook.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі