Chiefs Band у новым сінгле стануць "прыракешненымі"

Гурт Chiefs Band рыхтуе да выхаду новы сінгл. На яго стварэнне музыкаў натхніў амерыканскі праект The Winery Dogs. Яны ўзялі за “трафарэт” іх песню “Damage”, але напісалі да яе свой беларускі тэкст, аранжыроўку ды дадалі духавую секцыю. 

“Гэта песня галоўным чынам пакажа невялікі рэбрэндзінг гурта Chiefs Band, — раскрывае сакрэты лідар каманды Алесь-Францішак Мышкевіч. — Цяпер гэта будзе не афіцыйны джаз-фанк з беларускай мовай, а больш рыфавая і “прыракешненая” музыка, дзе будзе больш гітары. Кампазіцыяй “Damage” мы б хацелі паказаць наша новае гучанне”.

Зараз кампазіцыя знаходзіцца на стадыі звядзення. У якасці вакалісткі ў ёй выступіць спявачка Каця Худзінец. Свой варыянт песні Chiefs Band плануе адправіць і натхняльнікам-амерыканцам. А вось для таго, каб песня ўвайшла ў другі студыйны альбом каманды, давядзецца ўзгадніць аўтарскія правы. Прэзентацыя сінгла адбудзецца на пачатку 2014 года.

Пасля гэтага гурт абяцае засесці ў студыю ды пачаць працу над другім студыйным альбомам. Плануецца, што ў яго ўвойдзе 8 кампазіцый.

“Альбом 100% будзе рабіцца на пачатку наступнага года, і будзе рабіцца вельмі хутка! — працягвае Мышкевіч. — У нас шмат матэрыялу, але я не люблю, калі на альбоме шмат трэкаў ці бонусаў. Мне хочацца, каб кожная кампазіцыя была заўважнай і каб яе запомнілі. Каб чалавек ставіў пласцінку і на працягу доўгага часу хацеў яе слухаць”.

Прэзентаваць альбом Chiefs Band плануюць па частках — у выглядзе сінглаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі