Chiefs Band – Jazz Pirates

120525 Agljadacha.mp3

Гурт Chiefs Band нарэшце выдаў свой дэбютны альбом “Jazz Pirates”. Пісалі яго каля года, па розных прычынах некалькі разоў пераносілі даты выхаду і ў выніку… ніяк! Жывыя выступы гурта – гэта нешта сапраўды выбітнае, такога драйву са сцэны яшчэ пашукаць! А вось запіс атрымаўся нейкі плоскі і не чапляе. І гэта пры тым, што тры з дзевяці песень былі запісаныя “на жыва”. То бок, усе музыкі пішуцца ў студыі адначасова, адным агульным дублем, але кожны інструмент кладзецца на сваю гукавую дарожку, а потым зводзіцца ды майструецца. Пры гэтым усё гучыць да месца, няма лішніх партый, няма пустэч… Разумееш, што шчыльнасць гучання павінна быць вельмі вялікай, а яе чамусьці няма. І гэта ўжо, хутчэй за ўсё, пытанне да гукарэжысёра.

На дыску чатыры цалкам інструментальныя трэкі і пяць вакальных. Зноў жа, немагчыма не параўнаць гучанне голаса Юрыя Селязнёва на канцэрце ды на дыску. Ён нібыта згубіў унутраную глыбіню, своеасаблівую эратычнасць ды аксаміцістасць.

Што тычыцца аранжыравання, то не скажаш, што хлопцы вынайшлі нешта новае. Падобнымі хадамі карыстаюцца, напэўна, усе фанкавыя музыкі, але немагчыма не адзначыць басовыя партыі. Хацелася, каб яны больш выдзяляліся сярод іншых інструментаў. Бас заўсёды быў своеасаблівай разынкай “Чыфсоў”, але на дэбютніку гэта даволі сладана зразумець.

Амаль усе песні “Jazz Pirates” ужо вядомыя аматарам гурта. Некаторыя з іх выконваюцца ўжо на працягу трох-чатырох гадоў (“Lady Of Sunshine”, “NewYorkCity”). Чамусьці менавіта гэтыя песні можна смела называць хітамі. Іх мелодыі найбольш моцна ўбіваюцца ў галаву. І, нават, праз год-два праведзеных увогуле без музыкі Chiefs Band, дастаткова толькі ўбачыць назву гэтых трэкаў, каб узгадаць і пачаць спяваць.

Паводле словаў лідара гурта Алеся-Францішка Мышкевіча, гэты дыск стане своеасаблівым пераходам гурта да беларускай мовы. Chiefs Band заявілі, што пачынаюць беларусізацыю джаза ды фанка. А каб было больш зразумела, пра што вядзецца гаворка, музыкі змясцілі на дыск песню “Час”. Сапраўды, фанк на мове слухаецца вельмі цікава. Вось толькі часам словы складана разабраць… Агульны сэнс песні разумееш, а больш глыбінна паварушыць тэкст ужо не атрымліваецца.
 
Амаль усе песні дыску “Jazz Pirates” аўтарства Chiefs Band. Толькі сёмы трэк "Anytime, Anywhere" належыць шведскаму музыку Нільсу Ландгрэну. “Чыфсы” зрабілі для песні сваю аранжыроўку і прысвяцілі яе загінулай жонцы трамбаніста гурта Андрэя Альфера. Кампазіцыя атрымалася вельмі лятучай, паветранай і ўвесь унутраны сум мелодыі, а яна сапраўды вельмі тужлівая, неяк схаваўся за гэтай лёгкасцю.

Дарэчы, Chiefs Band не так проста назвалі дэбютны альбом “Jazz Pirates”, менавіта піратамі джазу яны сябе і лічаць. У жыцці гурт і сапраўды вельмі актыўны, завадны, хуліганісты. Як кажа лідар гурта Алесь Мышкевіч: “Мы сапраўдныя піраты, бо нічога не баімся! А піраты джазу, бо што б мы не гралі: Nirvana, Metallica, класіку, – гэта ўсё адно будзе джаз”.

Трэк-ліст:

01 - Wild
02 - Gonne Make My Funky
03 - Music in My Head
04 - NewYorkCity
05 - Lady Of Sunshine
06 - Час (Overtime)
07 - Anytime, Anywhere (live)
08 - Lucky Strike (2007)
09 - Ukraine (live, instrumental version)

Музыка: А.Мышкевіч (1-6, 8,9), Нільс Лангрэнд (7)
Словы: А.Мышкевіч (6), Ю.Стомава (2,3), Chiefs Band (4,5), Ю.Селязнёў (8)

Склад Chiefs Band:
Алесь-Францішак Мышкевіч - бас-гітара
Юрый Селязнёў - вакал
Андрэй Барыла - саксафон
Андруха "Дзікі" Якубчык - труба
Андруша Альфер - трамбон
Паўлік Мамонаў - бубны
Аляксандр Івашкевіч - гітара
Паўло Трыпуць - гітара

Бралі ўдзел у запісу:
Дзяніс Шураў - перкусія (3,4,5)
Юрый Рубанік - клавішы (1,6,7,9)
Іван Бартноўскі - саксафон (5,8)
Рома Язукевіч - трамбон (8)

Запіс:
Зміцер Каршакевіч, Юрый Гарачка

Майстрынг:
Зміцер Каршакевіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі