Чаму чэмпіянат не збірае аншлагаў, хоць усе квіткі раскупленыя?

“Хадзем на хакей, там не будзе шмат людзей, купіш квіток на ўваходзе”, — пераконвае мяне сябра-чэх перад матчам Швецыя—Чэхія на “Чыжоўка-Арэне”. І расказвае, што падчас чэмпіянату свету ў Швецыі трыбуны на гульнях усіх зборных, акрамя шведскай, былі напалову пустымі.

Я з радасцю пагаджаюся паспрабаваць. Акрэдытацыі на чэмпіянат роднай рэдакцыі не далі, а хакей хочацца паглядзець — у горадзе пануе сапраўдная эйфарыя, і прапускаць свята жыцця ахвоты мала. Перад матчам у пошуках вольных квіткоў заходжу на сайт ticketpro.by. Гэтая фірма мае эксклюзіўныя правы на продаж білетаў у інтэрнэце. Аднак там пуста, на гульню чэхаў са шведамі паўсюль sold out.

Праходзім праз турнікеты, ля ўваходаў на “Чыжоўка-Арэну” сустракаем яшчэ знаёмых чэхаў. Яны прыехалі з мараўскага гарадка Прэшув. Адзін з хлопцаў гаворыць, што на мінулую гульню чэхаў са славакамі квітка таксама не меў, але на пляцоўку такі трапіў — за 5 хвілінаў да пачатку гульні даў на ўваходзе 50 долараў і прайшоў без квітка. Але мне правяраць лёс такім чынам не хочацца, іду да касы нумар сем (менавіта там прадаюць квіткі на матчы), дзе чую, што на сённяшнюю гульню Швецыя—Чэхія “ўсё даўно прададзена”. Таму глядзець матч еду дадому. Ужо седзячы перад тэлевізарам, атрымліваю ад сябра смс: “Палова залы пустая! Як так можа быць, што не прадавалі квіткоў?”

Згодна з афіцыйным пратаколам матча Швецыя—Чэхія, размешчаным на сайце Міжнароднай хакейнай федэрацыі, гульню наведала 6018 чалавек. Пры гэтым умяшчальнасць “Чыжоўка-Арэны” — 9614. Калі адкінуць новаствораныя месцы для СМІ, атрымаецца недзе каля 9000. То бок арэна была пустой калі не напалову, то на траціну дакладна.

З іншымі гульнямі сітуацыя падобная. Славакія—Чэхія — 6900 гледачоў (квіткоў у продажы перад гульнёй таксама не было), Фінляндыя—Латвія — 11700 (матч праходзіў на “Мінск-Арэне”, яе ўмяшчальнасць — 15086 чалавек). Не збіраюць аншлагу нават матчы з удзелам зборнай Беларусі. На гульню з амерыканцамі прыходзіць 13600 чалавек, з Казахстанам — 13734, са швейцарцамі — 13207. Рэкорд у расіян — іх матч са зборнай ЗША наведвае 14124 чалавекі.

Аднак трапіць на гульні папулярных зборных немагчыма нават нягледзячы на наяўнасць вольных месцаў — квіткоў у продажы проста няма. Ля “Чыжоўка-Арэны” сустракаю шведаў, якім не хапіла білетаў на гульню ўласнай зборнай. Гавораць, што набудуць яго ў мяне “за вялікія грошы”. У адказ толькі разводжу рукамі.

У інтэрв’ю “Прэсболу” памочнік кіраўніка краіны па спорце Максім Рыжанкоў тлумачыць вольныя месцы на трыбунах так:

“Рэч у тым, што Міжнародная федэрацыя хакея разам з партнёрскай кампаніяй Infront, якая займаецца арганізацыяй чэмпіянатаў свету, браніруюць на ўсе матчы каля трох тысяч білетаў для размяшчэння журналістаў, каманд, якія ўдзельнічаюць у турніры, і сваіх гасцей”.

Але ў Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету ў Мінску ёсць і свае партнёры ды спонсары. Іх без квіткоў таксама пакінуць непрыгожа. У прафкаме жодзінскага завода “БелАЗ” Еўрарадыё расказваюць, што іх супрацоўнікі атрымліваюць па 4-5 квіткоў на кожны матч.

“Як шмат у нас білетаў? Гэтай інфармацыі вам ніхто не дасць. А прыкладна… Прыкладна па 4-5 квіткоў на кожную гульню чэмпіянату. Вось і лічыце самі”.

Лічу. Калі памножыць колькасць гульняў (а іх агулам будзе 64) на 5 квіткоў, атрымаем, што толькі БелАЗу іх выдзелілі каля 320. Колькі супрацоўнікаў жодзінскага прадпрыемства даедзе да на гульні да Мінска — можна толькі здагадвацца. Як і аб дакладнай колькасці беларускіх заводаў і фабрык, якія раздаюць квіткі на чэмпіянат сваім супрацоўнікам. Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік прафкама “Белкалія” Ігар Навумовіч, салігорскае прадпрыемства атрымала каля 500 квіткоў.

Раздаюць квіткі на мінскі чэмпіянат не толькі прадпрыемствы. У прафкаме студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Еўрарадыё расказваюць, што толькі па прафсаюзнай лініі разышлося 200 халяўных квіткоў.

“Мы бясплатна раздавалі квіткі. Універсітэт закупляў, а мы бясплатна раздавалі сваім актывістам. Усяго прафкам раздаў 200 квіткоў. А колькі ў цэлым па ўніверсітэце, я вам не скажу — там больш будзе”.

Калі ўлічыць, што ў Мінску 23 дзяржаўныя ВНУ, то колькасць такіх квіткоў павялічваецца да значнай лічбы. І не дзіва, што набыць квіток нелегальна праз інтэрнэт і па завышанай цане — зусім не праблема.

Дастаткова пагугліць. Вось толькі замежным заўзятарам без ведання рускай мовы зрабіць гэта цяжка. Таму даводзіцца выпрошваць лішні квіток проста ля ўваходаў на арэны.

І гэта яшчэ не ўсё. Згодна з дадзенымі Памежнага камітэта, за тры першыя дні чэмпіянату ў Беларусь па квітках замест віз прыехала 4500 хакейных “заўзятараў” з Польшчы. Колькі з іх даехала да лядовых арэн беларускай сталіцы, можна толькі здагадвацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі